Папа даў пачатак рэгістрацыі ўдзельнікаў Сусветнага дня моладзі | Друк |
Святы Айцец
26.07.2015 16:20

Праз электронны планшэт Папа Францішак першым зарэгістраваўся ў якасці ўдзельніка ХХХІ Сусветнага дня моладзі. Гэта адбылося падчас звароту Пантыфіка да вернікаў з акна Апостальскага палаца Ватыкана пасля малітвы “Анёл Панскі” 26 ліпеня.

Гэтым сімвалічным жэстам Святы Айцец адкрыў рэгістрацыю удзельнікаў Сусветнага дня моладзі, які пройдзе ў Кракаве (Польшча) 26-31 ліпеня 2016 г.

“Сёння адкрываецца рэгістрацыя на ХХХІ Сусветны дзень моладзі, які адбудзецца ў наступным годзе ў Польшчы. Я хацеў асабіста даць пачатак рэгістрацыі і таму запісаўся, у якасці пілігрыма, з дапамогай электроннага дэвайсу. Гэты дзень, які пройдзе ў Год Міласэрнасці, будзе ў пэўным сэнсе Юбілеем моладзі, пакліканай разважаць над тэмай “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5, 7). Запрашаю моладзь з усяго свету да жыцця гэтай пілігрымкай, або накіроўваючыся ў Кракаў, або прымаючы ўдзел у гэтым моманце ласкі ва ўласных супольнасцях”, - пажадаў Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by