Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падтрымаў Касцёл у Англіі і Уэльсе з нагоды Дня абароны жыцця
Святы Айцец
23.07.2015 16:02

Папа Францішак прывітаў і падтрымаў Касцёл у Англіі і Уэльсе з нагоды Дня абароны жыцця, які будзе адзначацца там 26 ліпеня 2015 г. Спецыяльнае пасланне Пантыфіка атрымаў Апостальскі Нунцый у Вялікабрытаніі арцыбіскуп Антоніо Меніні і ўручыў яго адказнаму за рэалізацыю ініцыятывы біскупу Джону Шэрынгтану.

Святы Айцец удзяліў апостальскае благаслаўленне “ўсім людзям, якія розным чынам удзельнічаюць у гэтай значнай падзеі і працуюць на карысць годнасці кожнай чалавечай асобы ад моманту яе зачацця да натуральнай смерці”.

Сёлета Дзень абароны жыцця, арганізаваны брытанскім епіскапатам, праходзіць пад дэвізам “Клапаціцца пра жыццё, прымаць смерць”. Тэма была выбрана невыпадкова. У Вялікабрытаніі праходіць шырокая дыскусія аб легалізацыі эўтаназіі праз увядзенне невылечна хворым дарослым спецыяльнай ін’екцыі, выклікаючай хуткую смерць. 11 верасня 2015 г. у Палаце Абшчын адбудзецца галасаванне адносна гэтага пытання.

Ініцыятыва Касцёла ўпісваецца ў кампанію па прыцягненні ўвагі да праблемы эўтаназіі. У пасланні з нагоды Дня абароны жыцця, распаўсюджаным англійскім епіскапатам, адзначаецца, што “памылкова паскараць ці правакаваць смерць”, таму што “Бог нас кліча ў належны час”. Па словах іерархаў, смяротна хворыя маюць патрэбу ў лепшай паліятыўнай апецы, а не эўтаназіі.

У пакутах, цярпенні і самоце, як адзначаецца, кожны чалавек заслугоўвае клопату і падтрымкі, а не дапамогі ў самагубстве. “Нават найслабейшыя і самыя безабаронныя, хворыя, пажылыя, бедныя і ненароджаныя, з’яўляюцца Божым тварэннем, створаны на Яго вобраз, прызначаны да вечнага жыцця і заслугоўваюць пашаны і павагі”, - гаворыцца ў адмысловым паведамленні епіскапату Англіі і Уэльса.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.