Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак падтрымаў дыялог пра Яна Гуса
Святы Айцец
02.07.2015 15:23

Ян Гус быў знакамітым чэшскім прапаведнікам, адным з найвялікшых майстроў, якія выйшлі з пражскага ўніверсітэта; яго асаблівым чынам паважае чэшскі народ. Гэтыя словы св. Яна Паўла II нагадаў у сваім лісце да кардынала Міласлава Влка Папа Францішак.

Кардынал Міласлаў Влк будзе спецыяльным пасланнікам Пантыфіка на святкаваннях 600-годдзя з дня смерці гэтага, як напісаў Святы Айцец, каталіцкага святара, рэктара ўніверсітэта ў Празе, якія пройдуць у сталіцы Чэхіі 5-6 ліпеня. Папа падтрымаў дыялог Касцёла з дзяржавай для высвятлення справы Гуса.

Гаворачы пра выбар арцыбіскупа Пражскага на пенсіі ў якасці свайго прадстаўніка, Святы Айцец адзначыў у лісце, што кардынал ужо даўно займаецца жыццём і дзейнасцю Гуса, дэманструючы выразны клопат пра экуменізм. Папа дадаў, што з нагоды 600-годдзя з дня смерці Гуса ў Чэхіі былі прыняты многія ініцыятывы, каб загаіць раны мінулага, ствараючы новыя адносіны паміж людзьмі і групамі, якія розным чынам інтэрпрэтуюць гісторыю і сучаснасць. Пантыфік даручыў свайму легату перадаць яго прывітанне Касцёлу ў Чэхіі і грамадзянскім уладам, а таксама прадстаўнікам іншых канфесій.

Кардынал Влк павінен заахвоціць усіх удзельнікаў святкавання наследаваць жыццё Хрыста і кожны дзень захоўваць Божыя запаведзі. “Такім чынам, мы зможам далей весці экуменічны дыялог, прымаючы пад увагу словы Другога Ватыканскага Сабору”, - напісаў Папа, спасылаючыся на саборны Дэкрэт пра экуменізм: “Няхай усе вызнаўцы Хрыста памятаюць, што яны тым больш будуць садзейнічаць справе еднасці хрысціянаў, а нават ажыццяўляць яе, чым больш будуць імкнуцца весці беззаганнае жыццё ў духу Евангелля”.

Ян Гус, які нарадзіўся ў 1370 г., быў абвінавачаны ў ерасі за спробы рэформы Касцёла і, нягледзячы на гарантаваную яму бяспеку, быў спалены на вогнішчы 6 ліпеня 1415 г. падчас Канстанцкага сабору. Варта адзначыць, што далёка не ўсе Саборныя Айцы пагадзіліся з гэтай бесчалавечнай экзекуцыяй, рэалізаванай, нягледзячы на папярэднія запэўніванні, што Гусу нічога не пагражае. У наш час новаму погляду католікаў на праблему Гуса паспрыяў асабліва Ян Павел II, які казаў пра гэта, у прыватнасці, на сустрэчы з чэхаславацкімі інтэлектуальнымі коламі падчас свайго першага візіту ў гэтую краіну ў красавіку 1990 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.