Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак сустрэўся з цяжка хворымі дзецьмі
Святы Айцец
30.05.2015 16:16

29 мая Папа Францішак прыняў у капліцы Дома св. Марты групу цяжка хворых дзяцей разам з іх бацькамі і валанцёрамі, паведаміла Прэс-служба Апостальскай Сталіцы. Дзеці прымаюць удзел у пілігрымцы ў Лурд і Ларэта, у прыватнасці, у рамках акцыі “Цягнік радасці”.

У капліцы папскай рэзідэнцыі сабраліся дваццаць дзяцей, у асноўным ад 7 да 14 гадоў, але былі і ва ўзросце 2-3 гадоў. Святы Айцец сардэчна прывітаў кожнага. Адна з дзяўчынак звярнулася да Пантыфіка і нагадала, што папярэдняя аналагічная сустрэча адбылася два гады таму ў тым жа месцы, узгадала дзяцей, якія прысутнічалі на ёй, таксама і тых, хто ў гэты перыяд адышоў да Пана, і запэўніла ў малітве за Папу.

Бацька аднаго з хворых дзяцей распавёў пра складаную цяжарнасць жонкі і досвед прыняцця цяжкахворага дзіцяці. Яны адважыліся на гэта, нягледзячы на парады ўрачоў зрабіць аборт. “Бог заклікаў нас як бацькоў да яшчэ большай любові, - сказалі яны. - Каб быць “удвая” бацькамі: праз чалавечую прыроду і праз факт абрання суправаджаць нашага ўнікальнага сына, які з’яўляецца выдатным дарам Бога Айца”.

Пантыфік, гаворачы пра таямніцу пакут дзяцей, падкрэсліў, што гэтага немагчыма растлумачыць, але ў такіх сітуацыях нашы думкі звяртаюцца да Божай Маці, калі Ёй перадалі мёртвае цела Яе ўлюбёнага Сына. Святы Айцец дадаў, што нават Марыя не разумела таямніцы гэтых пакут. Папа заклікаў бацькоў хворых дзяцей, каб яны не баяліся пытацца ў Бога: “Чаму?”, і каб адчувалі цёплы погляд Айца. Пантыфік выказаў сваё захапленне мужнасцю бацькоў хворых дзяцей, якія не пагадзіліся на аборт, што з’яўляецца фальшывым рашэннем праблемы пакут, назваў гераізмам мужнае нясенне пакут дзяцей і клопат пра іх лёс, калі застануцца адны, і запэўніў у сваіх малітвах за дзяцей і іх бацькоў.

Сустрэча скончылася малітвай “Вітай, Марыя” і папскім благаслаўленнем. Пасля гэтага Пантыфік зноў затрымаўся пры кожным з дзяцей.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.