Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік пра тры жыццёвыя пазіцыі вернікаў
Святы Айцец
29.05.2015 13:14

«Сапраўдная вера, адкрытая на іншых і на прабачэнне, чыніць цуды», — адзначыў Папа Францішак 29 мая падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У евангельскім ўрыўку, на які спаслаўся Пантыфік, гаворка ідзе пра тры вобразы: смакоўніцу, якая не дае пладоў, мянялаў і гандляроў галубамі ў ерузалемскай святыні і чалавека веры. Усе яны, на думку Святога Айца, прадстаўляюць розныя жыццёвыя пазіцыі.

Смакоўніца прадстаўляе бясплоднасць, бясплоднае жыццё — няздольнае прынесці дабро. Паводле Святога Айца, яна сімвалізуе чалавека, які не робіць нічога, каб дапамагаць іншым, які жыве толькі для сябе, пазбягае турботаў і клапоціцца выключна аб уласным дабрабыце. «Напрыканцы такія становяцца неўротыкамі, усе! Езус асуджае духоўную бясплоднасць, духоўны эгаізм», — падкрэсліў Пантыфік.

Іншая жыццёвая пазіцыя — гэта пазіцыя дзяльцоў, якія рабілі свой бізнес, выкарыстоўваючы ерузалемскую святыню: мянялі манеты, прадавалі ахвярных жывёлаў. Гэта не толькі талеравалася, але і дазвалялася святарамі. Яны зрабілі бізнес з рэлігіі. У адносінах да іх Езус не шкадаў словаў: «Дом мой назавецца домам малітвы для ўсіх народаў. А вы зрабілі яго пячорай злачынцаў», — нагадаў Папа.

Пілігрымы, якія прыходзілі ў святыню, каб прасіць благаслаўлення Божага, прыносіць ахвяры, выкарыстоўваліся. «Святары не вучылі іх маліцца, не катэхізавалі іх. Яны былі зграяй злачынцаў. Плаціце, уваходзьце... Здзяйснялі абрады, пустыя, без пабожнасці», — сказаў Папа і заклікаў вернікаў паразважаць, ці не адбываецца так сёння ў некаторых месцах, ці не выкарыстоўваюцца Божыя справы для абагачэння.

Трэцяя жыццёвая пазіцыя, на якую звярнуў увагу Пантыфік, - гэта жыццё верай, пра якое Езус казаў так: «калі хто скажа гары: "Падыміся і кінься ў мора", – і не засумняваецца ў сэрцы сваім, але паверыць, што збудзецца сказанае, то будзе яму». Па словах Папы, неабходна прасіць Пана аб дапамозе ў здзяйсненні добрых спраў, і Ён дапаможа. «Адзінай умовай для гэтага з’яўляецца прабачэнне», — нагадаў Папа Францішак і дадаў, што жыццё верай здольнае чыніць цуды.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.