Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ўдзельнічае ў падрыхтоўчай сустрэчы Сінода Біскупаў
Святы Айцец
26.05.2015 12:54

Папа Францішак удзельнічае ў пасяджэнні Рады Сакратарыяту Сінода Біскупаў, якое праходзіць 25-26 мая ў Ватыкане і звязана з падрыхтоўкай да біскупскай асамблеі, што адбудзецца ў кастрычніку на тэму сям’і і сужэнства.

Больш падрабязная інфармацыя пра змест сустрэчы не распаўсюджваецца, але варта нагадаць, што працягваецца праца над працоўным дакументам Сінода Біскупаў. Адной з падстаў для яго стане апытальнік, дасланы Сакратарыятам Сінода ва ўсе біскупскія канферэнцыі. Ён змяшчае 46 пытанняў, прадметам якіх з’яўляецца сужэнства, сям’я і сексуальнасць.

Генеральны Сакратар Сінода Біскупаў кардынал Ларэнца Балдзісэры адзначыў у адным з сваіх апошніх інтэрв’ю, што падрыхтоўка да асамблеі знаходзіцца на этапе вывучэння матэрыялаў. У апошнія тыдні ў Ватыкан прыходзілі анкеты ад біскупскіх канферэнцый з адказамі на вышэйузгаданыя пытанні. Свае каментары і заўвагі на адрас асамблеі маглі скіроўваць іншыя касцёльныя ўстановы і групы, а таксама асобныя вернікі. Па словах іерарха, размова ідзе пра тое, каб адказы «паходзілі з нізоў», ад сем’яў ва ўсім свеце, якіх непасрэдна тычыцца тэматыка дыскусій у рамках Сінода.

Выдання «Instrumentum Laboris» можна чакаць у бліжэйшыя тыдні.

Між тым, кандыдатуры большасці дэлегатаў нацыянальных Канферэнцый Біскупаў на кастрычніцкі Сінод былі зацверджаны Пантыфікам. 14-я Чарговая Генеральная Асамблея Сінода Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце» збярэцца ў Ватыкане 4-25 кастрычніка. Годам раней праходзіла пазачарговая сесія біскупскай асамблеі, якая займалася той жа тэматыкай.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.