Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак прыняў дэлегацыю еўрапейскіх рабінаў
Святы Айцец
21.04.2015 11:12

Папа Францішак прыняў 20 красавіка ў Ватыкане прадстаўнікоў Канферэнцыі еўрапейскіх рабінаў. Падчас сустрэчы яе старшыня рабін Пінхас Гольдшмідт і Яго Святасць адзначылі агульную занепакоенасць будучыняй рэлігіі ў Еўропе і абмеркавалі важнасць захавання рэлігійных свабод і каштоўнасцяў на кантыненце, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні яўрэйскай асацыяцыі.

У ім гучыць спадзяванне, што сустрэча дасць пачатак новаму этапу «працоўных адносін» паміж дзвюма супольнасцямі па абароне агульных каштоўнасцяў і ўмацаванні міжрэлігійнага дыялогу.

Галоўны рабін Гольдшмідт падзякаваў Пантыфіку, Святому Пасаду і Каталіцкаму Касцёлу ў Еўропе за падтрымку яўрэйскіх супольнасцяў «у пошуку рэлігійнай свабоды». Ён папрасіў Папу Францішка дапамагчы ў пабудове «новых мастоў і звароце Усходу і Захаду ад мяжы вайны, да адзінай і мірнай Еўропы і свету».

Спасылаючыся на рэлігійную сітуацыю ў Еўропе, Святы Айцец падкрэсліў важнасць духоўнага і рэлігійнага вымярэнняў чалавечага жыцця. «У грамадстве, усё больш і больш адзначаным секулярызмам і атэізмам, нам пагражае жыццё, як калі б Бог не існаваў. Чалавек часта спрабуе заняць месца Бога, лічыць сябе крытэрыем усяго, думае, што можа кантраляваць усё, лічыць сябе ўпаўнаважаным выкарыстоўваць усё, што яго акружае, у адпаведнасці са сваёй уласнай воляй», — заўважыў Папа Францішак і заклікаў не забывацца, што «жыццё - гэта дар ад Бога і што мы павінны даверыцца Богу, верыць у Яго, пастаянна звяртацца да Яго». І тут яўрэі і хрысціяне маюць «дар і адказнасць уносіць свой уклад у захаванне рэлігійнага пачуцця сучаснага чалавека і нашага грамадства, сведчачы аб святасці Бога і чалавечага жыцця».

Папа Францішак выказаў таксама сваю заклапочанасць антысемітызмам і асобнымі актамі нянавісці і насілля. Пантыфік падкрэсліў, што кожны хрысціянін павінен рашуча асуджаць усе формы антысемітызму, паказваючы сваю салідарнасць з яўрэйскім народам. Папа нагадаў аб нядаўнім святкаванні 70-й гадавіны вызвалення канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц. «Памяць пра тое, што адбылося ў самым цэнтры Еўропы, няхай будзе папярэджаннем для цяперашняга і будучых пакаленняў. Варта таксама асудзіць усе праявы нянавісці і насілля ў дачыненні да хрысціян і прадстаўнікоў іншых рэлігій», — сказаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.