Святы Айцец заклікаў змагацца з сучасным рабствам | Друк |
Святы Айцец
18.04.2015 15:38

18 красавіка Папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай акадэміі сацыяльных навук. У сваёй прамове да іх Пантыфік спаслаўся на Нагорнае казанне Хрыста і адзначыў, што “і сёння сярод патрабуючых братоў ёсць тыя, хто пакутуе ад трагедыі сучасных форм рабства, прымусовай працы, прастытуцыі, гандлю органамі, наркотыкаў”.

Святы Айцец нагадаў, што “адмена рабства як гістарычна-сацыяльнай структуры з’яўляецца прамым следствам паслання свабоды, прынесенага ў свет Хрыстом”.

“На жаль, у сусветнай эканамічнай сістэме, дзе дамінуе прыбытак, былі распрацаваны новыя формы рабства, у некаторых адносінах горшыя і больш бесчалавечныя, чым у мінулым”, - сказаў Папа і заклікаў змагацца з імі, дадаўшы, што гэтую барацьбу трэба распачаць з прызнання, што ў нашым горадзе, рэгіёне ці краіне ёсць гэтая трагедыя.

Пантыфік заклікаў прывесці вінаватых у пашырэнні сучаснага рабства да адказнасці і дапамагаць ахвярам у рэабілітацыі. Папская акадэмія сацыяльных навук, па словах Святога Айца, павінна заняцца інфармаваннем грамадзянскіх уладаў пра сур’ёзнасць гэтай з’явы, бо яе знікненне дапаможа зрабіць свет лепшым.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by