Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа скіраваў ліст з нагоды 500-годдзя нараджэння св. Тэрэзы ад Езуса
Святы Айцец
28.03.2015 16:56

Папа Францішак скіраваў спецыяльны ліст з нагоды 500-годдзя з дня нараджэння св. Тэрэзы ад Езуса, якое стала нагодай для падзякі “вялікай кармэлітанскай сям’і” за “харызмат гэтай выдатнай жанчыны” - прыкладу “поўнай самааддачы Богу”.

Святую Тэрэзу Папа назваў у першую чаргу “настаўніцай малітвы”. Для яе, па словах Пантыфіка, цэнтральнае месца займала “адкрыццё чалавечай прыроды Хрыста” і імкненне “падзяліцца гэтым досведам з іншымі”, што яна і рабіла яркім, простым, даступным для ўсіх чынам. Малітва для яе была “унутраным дыялогам з Хрыстом”. Святая з Авілы была пераканана ў каштоўнасці няспыннай малітвы, хоць і не заўсёды ідэальнай; яна пакінула канкрэтныя прапановы, спосабы і метады малітвы, нагадаў Папа.

Пантыфік дадаў, што святая Тэрэза была “нястомным камунікатарам Евангелля”, што выражалася ў яе імкненні служыць Касцёлу праз вырашэнне сур’ёзных праблем свайго часу, не абмяжоўваючыся да ролі пасіўнага гледача. Менавіта з гэтага пачалася “Терэзіянская рэформа”, у падставе якой ляжала місійнае вымярэнне Касцёла, чым заўсёды адзначаліся кармэліты.

Па словах Папы, святая Тэрэза ведала, што ні малітва, ні місія не могуць існаваць без “сапраўднага жыцця супольнасці”: такім чынам, асновай, закладзенай ёй у кармэлітанскіх кляштарах, было братэрства, шчыльна звязанае з пакорай, якая поўнасцю выключае плёткі, рэўнасць і крытыканства.

Звяртаючыся да генеральнага настаяцеля Ордэну кармэлітаў босых айца Саверыо Каністра, Папа Францішак прызнаўся, што гэтая супольнасць займае асаблівае месца ў яго сэрцы, і пажадаў, каб кармэліты заставаліся вернымі сведкамі радасці і прыгажосці евангельскага жыцця.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.