Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: прымаць шляхі збаўлення без нараканняў
Святы Айцец
25.03.2015 13:59

Вялікі тыдзень павінен дапамагчы хрысціянам прыняць Божую падтрымку без крытыкі і пярэчанняў. Пра гэта Папа Францішак казаў 24 сакавіка падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

«Духоўныя капрызы» перад Богам, які тысячамі розных спосабаў прапануе збаўленне, былі ў цэнтры ўвагі Папы. Пантыфік заўважыў, што часта, будучы няздольнымі прыняць «Божы стыль», мы засмучаемся і скочваемся да нараканняў. Гэта памылка, якую сёння, па словах Папы, здзяйсняюць шматлікія хрысціяне. Яна, аднак, не новая: Біблія апавядае, што так чыніў і выбраны народ, збаўлены ад рабства.

Папа Францішак пачаў сваю гамілію з разважання над літургічным урыўкам з Кнігі Лічбаў, у якім гаворка ішла пра нараканні габрэяў перад абліччам цяжкасцяў, якія тыя сустрэлі ў пустыні, уцякаючы з Егіпта. Яны гублялі цярплівасць і пачыналі казаць супраць Бога, а многія з іх памерлі ад ядавітых змей. Выратаваннем ад атруты была толькі заступніцкая малітва Майсея, а таксама медны змей, узняты на жэрдзі, для тых, хто на яго глядзеў, — знак крыжа, на якім будзе ўзняты Езус.

«Таксама і сярод нас, хрысціян, ёсць вялікая колькасць крыху атручаных гэтай незадаволенасцю жыццём», — заўважыў Папа. Святы Айцец звярнуў увагу на вернікаў, якія заўсёды ставяць Богу свае ўмовы, наракаюць і не жадаюць прымаць Яго шляхоў, часта кажуць: «Бог добры, але...», «Хачу быць збаўленым, але так, як мне хочацца...»

«Такая жыццёвая пазіцыя атручвае сэрцы, — сказаў Святы Айцец, — таму што непрыняцце дару, які Бог чыніць згодна са сваім стылем, з’яўляецца сапраўднай атрутай».
«Душэўная цёпласць», быццё хрысціянамі напалову, вернікамі, якія пастаянна кажуць Богу «але», паводле Папы Францішка, атручвае душу, пазбаўляе радасці і спыняе.

Езус адкупіў ад гэтага граху праз узыходжанне на Галготу, адзначыў Папа і дадаў, што толькі сузіранне Яго ахвяры можа вярнуць здаровую веру. «Энтузіязм, які быў на пачатку шляху з Езусам і саступіў месца незадаволенасці, лечыцца толькі ўгляданнем у Крыж, угляданнем у Бога, які ўзяў на сябе нашы грахі», — падкрэсліў Папа Францішак.

На заканчэнне гаміліі Папа заклікаў вернікаў прасіць Бога аб ласцы прыняцця цяжкіх сітуацый, прыняцця Яго стылю збаўлення, «нікчэмнай ежы», на якую наракалі габрэі ў пустыні, шляхоў, якімі Бог дапамагае ісці наперад. «Няхай гэты Вялікі тыдзень, які пачнецца ў нядзелю, дапаможа нам выйсці са спакусы быцця хрысціянамі, якія пастаянна кажуць «але», — пажадаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.