Святы Айцец: «Добра прасіць аб “дары слёз”, які зробіць нас больш свабоднымі ад крывадушнасці» |
Святы Айцец |
19.02.2015 16:37 |
Хай «дар слёз» — глыбокага перажывання чалавекам духоўнага навяртання — зробіць нашу малітву і шлях навяртання да Бога больш праўдзівымі і свабоднымі ад крывадушнасці. З такім пасланнем звярнуўся да вернікаў Папа Францішак 18 лютага вечарам падчас святой Імшы ў рымскай базыліцы св. Сабіны. У Папяльцовую сераду — дзень, калі ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца перыяд Вялікага посту — Святы Айцец казаў аб тым, што ў гэты час мы імкнемся да больш цеснай сувязі з Езусам, імкнемся наблізіцца да таямніцы Яго пакут і ўваскрасення. Навярнуцца да Бога «ўсім сэрцам» значыць, па словах Папы, «ступіць на шлях не павярхоўнага ператварэння, а на духоўны шлях, пракладзены ў сэрцы чалавека, там, дзе засяроджаны яго пачуцці і адносіны, там, дзе ён робіць выбар». Папа Францішак запрасіў усіх хаця б на хвіліну спыніцца і прымірыцца з Богам, вярнуцца да Яго з новым сэрцам, ачышчаным ад зла. Пантыфік заклікаў усіх пражыць Вялікі пост з «надзеяй і радасцю», так, каб «яго вонкаваму выкананню адпавядала глыбокае духоўнае абнаўленне». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
|