Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да новых кардыналаў: «Заклікаю вас служыць укрыжаванаму Езусу ў кожным чалавеку, адкінутым па любой прычыне»
Святы Айцец
16.02.2015 11:47

Логіка любові Хрыста — гэта шлях Касцёла, падкрэсліў Папа Францішак, звяртаючыся да новых кардыналаў 15 лютага падчас Эўхарыстыі ў ватыканскай базыліцы. 14 лютага Пантыфік далучыў да Калегіі кардыналаў 20 іерархаў, прадстаўнікоў усіх кантынентаў.

Падчас Імшы была ўзнесена малітва за хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу, за бедных, пакутуючых і ахвяр нянавісці.

Спасылаючыся на Евангелле пра вылячэнне пракажонага, Папа адзначыў, што трэба «не толькі прыняць і далучыць з евангельскай адвагай тых, хто стукае ў нашы дзверы, але выйсці і шукаць далёкіх, без прадузятасці і страху, даючы ім бескарысліва тое, што мы самі дарма атрымалі». Кажучы пра «інтэграцыю», Святы Айцец заўважыў, што «Езус рэвалюцыйна бударажыць менталітэт, замкнуты ў страху і самаабмежаваны прадузятасцю», але пры гэтым не парушае закон Майсея.

Пантыфік звярнуў увагу на падвойную логіку мыслення і веры: страх страціць збаўленых і жаданне збаўлення тых, хто ўпаў. Па словах Папы, шляхам Касцёла заўсёды з’яўляецца шлях Езуса — шлях міласэрнасці і інтэграцыі, неасуджэння нікога навекі.

Папа спаслаўся на «Гімн любові» апостала Паўла з Паслання да Карынцянаў і падкрэсліў, што «любоў не можа быць нейтральнай, абыякавай, прахалоднай і нявызначанай! Любоў заражае, яна гарачая, спалучана з рызыкай і запальвае! Таму што сапраўдная любоў заўсёды незаслужаная, безумоўная і бескарыслівая!» Па словах Пантыфіка, любоў становіцца творчай, калі знаходзіць адпаведную мову, каб мець зносіны з тымі, хто лічыцца невылечным, і таму недатыкальным. «Кантакт — гэта рэальная камунікатыўная мова, мова пачуццяў, — сказаў Папа. — Колькі аздараўленняў мы можам здзейсніць і перадаць, калі вывучым гэтую мову!»

«Я заклікаю вас служыць укрыжаванаму Езусу ў кожным чалавеку, адкінутым па любой прычыне. Заўважаць Пана ў кожным выключаным чалавеку, галодным, сасмаглым, распранутым; Пана, які прысутнічае таксама і ў тых, хто страціў веру або дыстанцыяваўся ад жыцця веры; Пана, які знаходзіцца ў турме, хворы, не мае працы, якога пераследуюць; Пана, які знаходзіцца ў пракажоным — і целам, і духам, якога дыскрымінуюць, — дадаў Святы Айцец. — Мы не адкрыем Пана, калі сапраўды не прымем чалавека, выдаленага на ўзбочыну».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.