Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа даў інтэрв’ю аргенцінскай газеце «La Nacion»
Святы Айцец
09.12.2014 12:14

Папа Францішак даў вялікае інтэрв’ю аргенцінскай газеце «La Nacion». Пантыфік адказаў на шэраг пытанняў адносна апошніх падзей у Касцёле і сваім жыцці.

Кажучы пра Сінод Біскупаў на тэму сям’і, які праходзіў у Ватыкане ў кастрычніку, Папа падкрэсліў, што гэтая асамблея з’яўляецца не «парламентам», але «прасторай, якую бароніць Святы Дух». Таму, паводле Пантыфіка, памылкова лічыць, што яго ўдзельнікі былі падзелены на два супрацьстаячых лагеры: для сінадальных айцоў было важна «выказвацца ясна і слухаць з пакорай».

Святы Айцец дадаў, што «ніводзін з пунктаў навучання Касцёла аб сужэнстве не быў закрануты». Адносна разведзеных асобаў, якія ўступілі ў паўторны несакрамэнтальны саюз, уздымаліся шматлікія пытанні душпастырскага характару. Але, па словах Папы, «толькі дапушчэнне такіх людзей да Святой Камуніі не з’яўляецца рашэннем: сапраўдным рашэннем з’яўляецца іх інтэграцыя». «Гэта праўда, што яны не адлучаны ад Касцёла — але яны не могуць быць хроснымі, не могуць чытаць з амбоны літургічныя чытанні падчас святой Імшы, не могуць раздаваць Святую Камунію, не могуць выкладаць катэхізіс»: таму, адзначыў Пантыфік, «здаецца, што на самой справе яны адлучаны».

Балючасць такой сітуацыі асабліва відавочна, дадаў Святы Айцец, бо хросным, напрыклад, можа быць «карумпаваны палітык», толькі таму, што жыве ў касцёльным шлюбе. Таму, паводле Папы, «некаторыя рэчы і нарматыўныя каштоўнасці» патрабуюць перамен.

Гаворачы пра рэформу Рымскай Курыі, Пантыфік сказаў, што для яго больш важнай з’яўляецца «духоўная рэформа сэрцаў», пра што ён будзе казаць падчас сустрэчы з ватыканскімі іерархамі, служачымі і членамі іх сем’яў напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння.

Каментуючы стан уласнага здароўя, Пантыфік прызнаўся: «Я маю некаторыя недамаганні, якія адчуваюцца ў маім узросце, але я ў руках Пана і да гэтага часу магу трымаць больш-менш добры рытм працы». Папа распавёў, што, магчыма, наведае Аргенціну ў 2016 г., а ў 2015 г. запланаваны яго падарожжы ў тры краіны Лацінскай Амерыкі і ў Афрыку.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.