Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа выступіў перад Еўрапарламентам у Страсбургу
Святы Айцец
25.11.2014 14:55

25 лістапада Папа Францішак прыбыў з візітам у Страсбург (Францыя). Святы Айцец выступіў перад Еўрапейскім парламентам. Пантыфік паведаміў, што прыехаў у Страсбург з «пасланнем надзеі і заахвочвання».

Папа звярнуў увагу на цесную сувязь паміж паняццямі «годнасць» і «трансцэндэнтнасць». Разуменне першага, адзначыў Святы Айцец, «нарадзілася ў выніку доўгага шляху, які ўключаў шматлікія пакуты і ахвяры», што паспрыяла ўспрыняццю «ўнікальнасці кожнага асобнага чалавека». «Сёння барацьба за правы чалавека адыгрывае ключавую ролю ў рамках дзейнасці Еўрапейскага саюза, —дадаў Пантыфік, — бо існуе яшчэ занадта шмат сітуацый, у якіх людзі разглядаюцца як аб’екты, чыю канцэпцыю, структуру і прыдатнасць можна запраграмаваць і якіх затым можна выкінуць, калі яны больш не патрэбныя, паколькі становяцца слабымі, хворымі ці старымі».

Тым не менш, па словах Папы, варта звярнуць увагу, каб не патрапіць у некаторую двухзначнасць, якая можа ўзнікнуць па прычыне неразумення ідэі правоў чалавека і парадаксальнага злоўжывання імі: гаворка ідзе пра тэндэнцыю нарошчвання індывідуальных правоў, што адрывае чалавечую асобу ад сацыяльнага і антрапалагічнага кантэксту. Пантыфік заклікаў да паглыблення «культуры правоў чалавека» як балансу паміж індывідуальнымі правамі і агульным дабром.

Папа прызнаўся, што адным з самых распаўсюджаных «захворванняў», якія ён бачыць у сённяшняй Еўропе, з’яўляецца адзінота: яна асабліва характэрная для пажылых людзей, якім часта даводзіцца самім клапаціцца пра сябе, а таксама маладых людзей без арыенціраў і магчымасцяў для будучыні; заўважальная таксама ў многіх бедных людзей, якія жывуць у еўрапейскіх гарадах, у «разгубленых вачах» імігрантаў, што прыехалі ў Еўропу, каб шукаць лепшай будучыні.

Святы Айцец заўважыў, што ў апошнія гады, разам з працэсам пашырэння ЕС, расце недавер грамадзян да яго інстытутаў, якія займаюцца стварэннем законаў, далёкіх ад пачуццяў асобных народаў і нават шкодных для іх. «З многіх пунктаў гледжання складаецца агульнае ўражанне стомленасці і старэння Еўропы — бабулі, бясплоднай і ледзьве жывой», — адзначыў Пантыфік і дадаў, што «вялікія ідэалы, якія натхнялі Еўропу, страцілі сваю сілу прыцягнення на кошт бюракратычна-тэхнічных механізмаў яе інстытутаў».

Па словах Папы, Еўропу можа выратаваць непарыўная сувязь паміж адкрыццём на трансцэндэнцыю, на Бога, і практычнай і канкрэтнай здольнасцю вырашаць «зямныя» сітуацыі і праблемы: такі падыход не ўяўляе пагрозы для свецкага характару дзяржавы .

Кажучы пра дэвіз Еўрапейскага саюза — «адзінства ў разнастайнасці», Пантыфік падкрэсліў, што тут трэба разумець, што «адзінства не азначае аднастайнасці палітычнай, эканамічнай, культурнай або думкі»: аснова Еўрасаюза — у прынцыпах салідарнасці і субсідыярнасці, а гомалагічная канцэпцыя глабалізацыі толькі шкодзіць дэмакратычнай сістэме. Захаванне ў Еўропе жывой дэмакратыі, па словах Святога Айца, патрабуе пазбягання шматлікіх «глабалізацыйных шляхоў» размыцця рэальнасці: ангелічных пурызмаў, дыктатуры рэлятывізмаў, антыгістарычных фундаменталізмаў, этыцызмаў без дабрыні, інтэлектуалізмаў без мудрасці.

Пантыфік звярнуў увагу, што захаваць Еўропу можа сям’я, «адзіная, плодная і непарыўная», якая «аб’ядноўвае асноўныя элементы, што даюць надзею на будучыню»: без гэтага «даходзіць да пабудовы на пяску, з сур’ёзнымі сацыяльнымі наступствамі». У дадатак да сям’і, як адзначыў Папа, Еўропа патрабуе таксама адукацыі: яна не можа быць абмежавана да набору тэхнічных ведаў, але павінна ахопліваць «складаны працэс чалавечага развіцця ў цэлым».

Святы Айцец дадаў, што Еўропа патрабуе клопату пра экалогію, і «кожны нясе персанальную адказнасць за захаванне тварэння, каштоўнага дару, які Бог ўклаў у рукі людзей»; у гэта ўключана павага да аграрнага сектару, які закліканы даць чалавеку падтрымку і харчаванне. «Немагчыма прыняць тое, што мільёны людзей ва ўсім свеце паміраюць ад голаду, у той час як кожны дзень тоны ежы выкідваюцца з нашых сталоў», — звярнуў увагу Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што ў Еўропе «прыйшоў час для падтрымкі палітыкі занятасці, але, у першую чаргу, аднаўлення годнасці працы». Таксама трэба знайсці належны падыход да праблемы міграцыі. «Нельга змірыцца з тым, што Міжземнае мора стала вялікімі могілкамі!» — сказаў Святы Айцец.

Папа закрануў і тыпова палітычныя пытанні, заклікаўшы «весці творчы дыялог» з краінамі, якія звярнуліся з просьбай уступіць у Еўрапейскі саюз: гаворка ідзе, у першую чаргу, пра балканскія краіны, для якіх уваход у Еўрасаюз можа паслужыць рэалізацыяй ідэалаў міру ў рэгіёне. Таксама важнае значэнне, па словах Пантыфіка, маюць адносіны з іншымі суседнімі краінамі, асабліва тымі, якія пакутуюць ад унутраных канфліктаў і ціску рэлігійнага фундаменталізму і міжнароднага тэрарызму.

Святы Айцец нагадаў еўрапарламентарыям пра неабходнасць развіваць еўрапейскую ідэнтычнасць і вярнуць давер грамадзян да інстытутаў ЕС, а таксама не забывацца, што двухтысячагадовая гісторыя звязвае Еўропу і хрысціянства.

«Паважаныя дэпутаты Еўрапарламента, настаў час, каб разам будаваць Еўропу, якая будзе вярцецца не выключна вакол эканомікі, але святасці чалавечай асобы і вечных каштоўнасцяў, — заклікаў Папа. — Прыйшоў час адмовіцца ад ідэі Еўропы спалоханай і замкнёнай, каб абудзіць і развіваць Еўропу ўдзелу, якая нясе веды, мастацтва, музыку, гуманітарныя каштоўнасці, а таксама каштоўнасці веры». Па словах Пантыфіка, сёння трэба зрабіць усё, каб Еўропа была Еўропай, «якая сузірае неба і імкнецца да ідэалаў», «клапоціцца, абараняе і захоўвае правы чалавека», «з’яўляецца каштоўным арыенцірам для ўсяго чалавецтва».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.