Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету: «Збаўленне пачынаецца ад наследвання спраў міласэрнасці Хрыста»
Святы Айцец
23.11.2014 15:19

23 лістапада Папа Францішак узначаліў Эўхарыстыю на плошчы св. Пятра ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Падчас Імшы Пантыфік кананізаваў чатырох італьянцаў: біскупа Джавані Антоніо Фарына, Людовіка да Казорыя, Ніколу да Лангабардзі і Амато Ранконі, а таксама двух членаў Царквы сірамалабарскага абраду з Індыі — кс. Кур’якаса Эліяса Кавара ад Святой Сям’і і сястру Еўфрасію Элувацінгал ад Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Папа спаслаўся на прыклад новых святых і адзначыў, што ў канцы жыцця мы будзем суджаны паводле любові, блізкасці і пяшчоты ў адносінах да нашых братоў: ад гэтага будзе залежаць, увойдзем мы ў Божае Валадарства ці не, на якім баку мы будзем змешчаны. «Езус сваёй перамогай адкрыў нам сваё Валадарства, але ад кожнага з нас залежыць, ці ўвойдзем у яго, пачынаючы ўжо ад гэтага жыцця, становячыся асабліва блізкімі да брата, які просіць хлеба, адзення, гасціннасці, салідарнасці. І калі мы сапраўды будзем любіць гэтага брата або сястру, будзем рады падзяліцца з ім ці з ёй самым каштоўным — Езусам і Яго Евангеллем», — сказаў Пантыфік.

Спасылаючыся на літургічныя чытанні, Святы Айцец заўважыў, што Езус увасобіў Божае Валадарства праз блізкасць і любоў да нас і, як Добры Пастыр, хоча знайсці згубленую авечку, прынесці яе назад; перавязвае раны, умацоўвае хворую і абараняе здаровую і моцную. «І тыя, хто пакліканы ў Касцёле быць пастырамі, не могуць адхіляцца ад гэтага ўзору, калі не хочуць стаць наймітамі. У гэтых справах народ Божы мае бясхібнае адчуванне, распазнаючы добрых пастыраў і адрозніваючы іх ад наймітаў», — сказаў Папа і дадаў, што час Хрыстовага Валадарства з’яўляецца працяглым перыядам перадачы ўсяго Айцу.

Пантыфік падкрэсліў, што 25-ы раздзел Евангелля паводле Мацвея паказвае на правіла жыцця, паводле якого мы будзем ацэнены — блізкасць і адчувальнасць. «Збаўленне пачынаецца не ад прызнання каралеўскай годнасці Хрыста, але ад наследвання спраў міласэрнасці, праз якія Ён увасобіў Божае Валадарства. Той, хто іх выконвае, дэманструе, што прыняў Валадарства Езуса, бо зрабіў у сваім сэрцы месца для Божай любові», — сказаў Святы Айцец.

Спасылаючыся на постаці новых святых, якія служылі ў сваіх асяроддзях Божаму Валадарству, Папа адзначыў, што кожны з іх з вялікай крэатыўнасцю даў адказ на запаведзь любові да Бога і бліжняга. «Яны прынеслі сябе цалкам у ахвяру на службе самым апошнім, дапамагаючы патрабуючым, хворым, пажылым, пілігрымам. Іх адмысловая любоў да самых малых і бедных была адлюстраваннем і паказчыкам безумоўнай любові Бога. На самой справе яны шукалі і знайшлі любоў у моцных і асабістых адносінах з Богам, з якой выходзіць сапраўдная любоў да бліжняга», — сказаў Пантыфік.

Папа пажадаў, каб новыя святыя сваім прыкладам і заступніцтвам выпрасілі для вернікаў большую радасць вандравання па шляху Евангелля і пастанову, каб абраць яго ў якасці компаса жыцця.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.