Пантыфік: «Жыццё ў Богу неабходна бараніць» |
Святы Айцец |
31.10.2014 12:35 |
Хрысціянскае жыццё — гэта пастаянная барацьба, нагадаў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі 30 кастрычніка. Пантыфік падкрэсліў, што сатана існуе і супрацьстаяць яму трэба з дапамогай «зброі», якой з’яўляецца праўда, справядлівасць, вера і Божае слова. Апостал Павел, гаворачы пра хрысціянскае жыццё, карыстаўся вайсковай лексікай, заўважыў Папа, каментуючы ўрывак з літургічнага чытання. «Жыццё ў Богу неабходна бараніць, неабходна змагацца, каб яно развівалася», патрэбны сіла і мужнасць, каб «супрацьстаяць і абвяшчаць», духоўнае жыццё — гэта «не простае сутыкненне, а працяглае змаганне», падкрэсліў Пантыфік. Па словах Святога Айца, галоўнымі ворагамі хрысціянскага жыцця з’яўляюцца сатана, спакусы гэтага свету і цялесныя жарсці, і перад абліччам нападаў злога неабходна «прыняць усю зброю Божую». «Нельга думаць пра духоўнае жыццё, хрысціянскае жыццё, без супрацьстаяння спакусам, без барацьбы супраць сатаны, без апранання гэтай зброі Божай, якая дае сілы і бароніць нас», — адзначыў Папа Францішак. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |