Папа сустрэўся са старшынёй Еўрапарламента |
| Друк | |
Святы Айцец
|
30.10.2014 18:06 |
30 кастрычніка Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі старшыню Еўрапейскага парламента Марціна Шульца. Старшыня Еўрапарламента сустрэўся таксама з Дзяржсакратаром кардыналам Пьетро Паралінам.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі тэмы, якія ўяўляюць агульную цікавасць, а таксама візіт Святога Айца ў Страсбург, які павінен адбыцца 25 лістапада і падчас якога Пантыфік звернецца да еўрадэпутатаў з прамовай.
У якасці падарунку Папа ўручыў Марціну Шульцу ружанец і памятны медаль, адліты з нагоды чарговай гадавіны яго Пантыфікату.
Марцін Шульц у якасці старшыні Еўрапарламента не першы раз наведвае Ватыкан з афіцыйным візітам. Тут ён ужо сустракаўся з Папам Францішкам 11 кастрычніка 2013 г., калі запрасіў Пантыфіка выступіць перад Еўрапейскім парламентам. Успамінаючы пра візіт св. Яна Паўла ІІ у заканадаўчую структуру Еўрасаюза, нямецкі сацыял-дэмакрат адзначаў, што «для Еўрапарламента было б вялікім гонарам пачуць зноў выступленне Святога Айца, яго словы прадбачання, салідарнасці і надзеі».
На думку старшыні Еўрапарламента, Каталіцкі Касцёл заўсёды прапануе не толькі падтрымку, але і крытычны аналіз і сваё асаблівае бачанне будучыні еўрапейскага праекта. Таму выступленне Папы Францішка з’яўляецца асабліва важным, адзначыў палітык падчас мінулагодняга візіту.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|