Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: малітвы праслаўлення — каб развівацца ў запаведзі любові
Святы Айцец
23.10.2014 13:29

Малітва праслаўлення ўмацоўвае ў любові да Бога і бліжняга, лічыць Папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў сваёй ватыканскай рэзідэнцыі 23 кастрычніка Пантыфік спыніўся на малітве апостала Паўла аб тым, каб эфесцы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, напоўніліся ўсёй Божай паўнатою. Павел карыстаецца мовай «без абмежаванняў»: ён «схіляе калені перад Айцом», шануе Бога «як мора без берагоў, без межаў, як бясконцае мора», заўважыў Святы Айцец.

У той жа час, паводле Папы, ён просіць Айца за ўсіх нас. «Просіць Айца, каб Дух сышоў і ўмацаваў нас, даў нам сілу. Немагчыма развівацца без сілы Духа. Нашы сілы — слабыя. Немагчыма быць хрысціянамі без ласкі Духа. Гэта менавіта Дух змяняе сэрца, дапамагае развівацца ў цнотах, каб спаўняць запаведзі», — сказаў Папа. Святы Айцец заўважыў, што іншая ласка, аб якой маліўся Апостал народаў, тычылася ўзрастання ў любові праз блізкасць з Езусам. Любоў Хрыста, «якая пераўзыходзіць кожнае пазнанне», «немагчыма зразумець» іншым спосабам, акрамя як «адарацыяй гэтай бясконцай велічы».

«Гэта містычны досвед Паўла, і ён вучыць нас малітве праслаўлення і шанавання. Перад нашымі слабасцямі, нашымі шматлікімі эгаістычнымі інтарэсамі, Павел успыхвае ў праслаўленні і просіць Айца спаслаць на нас Духа, каб даў сілы і дазволіў развівацца; каб дапамог зразумець любоў Хрыста і каб Ён умацаваў нас у любові», — адзначыў Пантыфік.

На думку Святога Айца, прыклад малітвы апостала Паўла з’яўляецца карысным таксама для сучасных вернікаў. «Добра праслаўляць Бога, уваходзіць у гэты свет шырыні, велічы, шчодрасці, любові. Гэта добра, бо мы можам развівацца ў вялікай запаведзі — адзінай запаведзі, якая стаіць у аснове іншых: любові, любові да Бога і бліжняга», — сказаў Папа Францішак.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.