Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак удзяліў дваццаці парам сакрамэнт сужэнства
Святы Айцец
14.09.2014 19:05

14 верасня 2014 г. падчас святой Імшы Папа Францішак удзяліў сакрамэнт сужэнства дваццаці парам. Імша адбылася ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане.

Узрост самага маладога з сужэнцаў - 25 гадоў, самага старэйшага – 65. Папа Францішак удзяліў сакрамэнт сужэнства ў якасці Пантыфіка ўпершыню.

У гаміліі Святы Айцец адзначыў, што Касцёл складаецца ў асноўным з сем’яў, якія праходзяць “дарогі жыцця, у гісторыі кожнага дня”. Яны, па словах Папы, з’яўляюцца першымі месцамі, у якіх мы фарміруемся як асобы, а таксама “цаглінамі”, якія будуюць грамадства. Пантыфік падкрэсліў, што часта сужэнцы “не могуць вытрымаць дарогі шлюбнага і сямейнага жыцця”. “Высілкі дарогі становяцца ўнутранай стомленасцю. Сужэнцы губляюць густ шлюбнага саюзу. Больш не бяруць вады з сакрамэнту сужэнства. Тады штодзённае жыццё становіцца цяжкім, “агідным””, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што тады Бог хоча даць ім сваю аздараўляючую сілу, якой з’яўляецца Яго міласэрнасць; яе атрымлівае толькі той, хто давярае сябе ўкрыжаванаму Езусу, і яна вылечвае ад “смяротнага яду граху”. “Гэтыя лекі прымяняюцца асабліва для тых сужэнцаў, якія не могуць “вытрымаць шляху” і былі ўкушаны спакусамі расчаравання, нявернасці, разводу.... Таксама і ім Бог Айцец дае свайго Сына Езуса, не для таго, каб асудзіць іх, але каб збавіць іх: калі давераць сябе Яму, Ён іх вылечыць сваёй міласэрнай любоўю, якая выплывае з Яго крыжа, сілай ласкі, якая адраджае і ставіць нанова на шлях шлюбнага і сямейнага жыцця”, - сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, гэты шлях не з’яўляецца “гладкім”, без канфліктаў, бо не быў бы чалавечым, - ён складаны, часта вельмі цяжкі і канфліктны, але такім з’яўляецца жыццё. “Сужэнства - сімвал жыцця, рэальнага жыцця, яно не з’яўляецца “фікцыяй”! Гэта сакрамэнт любові Хрыста і Касцёла, любові, якая ў крыжы знаходзіць сваю праверку і сваю гарантыю”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.