Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа скіраваў тэлеграму з нагоды забойства ў Бурундзі трох італьянскіх місіянерак
Святы Айцец
09.09.2014 13:43

Кроў забітых законніц павінна стаць семем надзеі для будаўніцтва сапраўднага братэрства, – такую перакананасць Папа Францішак выказаў у тэлеграме, скіраванай з прычыны варварскага забойства ў афрыканскім Бурундзі трох італьянскіх місіянерак – с. Лючыі Пулічы, с. Вольгі Раскецці і с. Бернардэты Боджан – на імя Генеральнай настаяцельніцы Місійнага таварыства Марыі, да якога належалі законніцы.

Трагедыя адбылася ў кляштары горада Каненге на ўсходзе Бурундзі. 75-гадовая с. Лючыя Пулічы і 83-гадовая с. Вольга Раскецці загінулі ад рук нявядомага злачынцы 7 верасня 2014 г. Трэцяя законніца, 79-гадовая с. Бернардэта Боджан, загінула ў тым жа месцы раніцай наступнага дня. Мясцовая паліцыя пакуль не называе дакладных матываў злачынства. Па адной з версій, місіянеркі маглі стаць ахвярамі псіхічна хворага чалавека.

Загінуўшыя законніцы карысталіся павагай і любоўю мясцовай каталіцкай супольнасці, а таксама людзей, якім аказвалі дапамогу. Адна з іх, с. Вольга Раскецці, працавала ў Бурундзі на працягу 50 гадоў.

У тэлеграме адзначаецца, што з прычыны цяжкой страты дбайных місіянерак Пантыфік выказвае сваю блізкасць усёй кангрэгацыі і жадае, “каб пралітая кроў стала семем надзеі для будаўніцтва сапраўднага братэрства паміж народамі”. Святы Айцец паабяцаў маліцца ў інтэнцыі гэтых “шчодрых сведак Евангелля”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.