Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа звярнуўся з пасланнем да ўдзельнікаў «Міжнароднай сустрэчы за мір»
Святы Айцец
08.09.2014 13:18

Павага, дыялог і супрацоўніцтва – тая зброя, якой можна перамагчы войны, падкрэсліў Папа Францішак у пасланні да ўдзельнікаў “Міжнароднай сустрэчы за мір”, якая праходзіць 7-9 верасня 2014 г. у Антверпене (Бельгія) па ініцыятыве экуменічнай Супольнасці св. Эгідзія. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, а таксама лідары іншых рэлігій.

Зварот Папы быў прачытаны падчас цырымоніі адкрыцця форума. У ім Святы Айцец звярнуў увагу на трываючыя ў свеце канфлікты, нагадаўшы, што яны адбываюцца ў перыяд, калі свет успамінае пра 100-годдзе пачатку І Сусветнай вайны. “Гэты юбілей вучыць нас таму, што вайна ніколі не з’яўляецца задавальняючым сродкам для аднаўлення справядлівасці і дасягнення ўраўнаважных вынікаў у палітычных і сацыяльных нязгодах”. Пантыфік нагадаў словы Бэнэдыкта XV, прамоўленыя ў 1917 г., што кожная вайна – гэта “бессэнсоўная бойня”. “Вайна зацягвае народы ў спіраль насілля, якое потым цяжка кантраляваць, разбурае тое, што цэлыя пакаленні будавалі, і рыхтуе глебу для несправядлівасцяў і яшчэ горшых канфліктаў”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што нельга заставацца пасіўнымі перад абліччам шматлікіх пакут і “бессэнсоўных бойняў”. Для вайны заўсёды ёсць альтэрнатыва – гэта дыялог, сустрэча і шчыры пошук праўды, перакананы Пантыфік.

Папа заклікаў рэлігійных лідараў, сабраных у Бельгіі, супрацоўнічаць у справе “лячэння ранаў, вырашэння канфліктаў” і быць людзьмі супакою. Святы Айцец пажадаў, каб рэлігійныя супольнасці былі “школамі павагі і дыялогу з іншымі этнічнымі і рэлігійнымі групамі, месцамі, у якіх вучацца пераўзыходзіць напружанасці, спрыяць роўным і мірным адносінам паміж людзьмі і сацыяльнымі групамі і будаваць лепшую будучыню для надыходзячых пакаленняў”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.