Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа адказаў на іракскі «ліст, напісаны слязьмі»
Святы Айцец
30.08.2014 18:47

Папа Францішак патэлефанаваў кс. Бегнаму Бенокі, іракскаму святару, які служыць у лагеры для бежанцаў у Анкаве. Гэта быў адказ Пантыфіка на “ліст, напісаны слязьмі”, які ён атрымаў ад гэтага святара.

Пантыфіку перадаў гэты ліст адзін з журналістаў, які падарожнічаў з Папам у Паўднёвую Карэю. У лісце святар, які раней быў прарэктарам семінарыі ў Анкаве, а зараз з урачамі і валанцёрамі падтрымлівае тых, хто апынуўся ў патрэбе, апісвае драматычную сітуацыю, у якой апынуліся хрысціяне, вымушаныя ўцякаць ад ісламістаў з Масула. “Я пішу Вам, Святы Айцец, з намёту, у якім мы ўдзяляем медыцынскую дапамогу нашым братам. Ваша Святасць, сітуацыя жахлівая, занадта шмат людзей паміраюць і пакутуюць ад голаду. Найбольш баліць тое, калі мы глядзім на смерць дзяцей, яны з’яўляюцца самымі слабымі. У нас няма дастатковых рэсурсаў для забеспячэння адэкватнай дапамогі ўсім. Існуе недахоп урачоў і добраахвотнікаў. Таксама недастаткова святароў і законніц, каб несці суцяшэнне тым, хто мае патрэбу”, - піша святар, просячы Папу, каб ён склаў Хрысту на алтары пакуты іракскіх хрысціян, калі будзе цэлебраваць святую Імшу, а таксама просячы благаслаўлення Папы для сваіх падапечных, каб яны выстаялі ў гэтай гадзіне выпрабавання.

Пантыфік патэлефанаваў іракскаму святару пасля вяртання з Карэі. Ён хацеў даведацца пра сітуацыю і патрэбы ў лагерах для бежанцаў. Папа выказаў падзяку ўсім тым, хто дапамагае патрабуючым, а таксама запэўніў, што не толькі будзе маліцца ў інтэнцыі пераследаваных хрысціян, але і зробіць усё магчымае, каб аблегчыць іх долю.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.