Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі пробашча адзінай каталіцкай парафіі ў Сектары Газa
Святы Айцец
29.08.2014 16:27

29 жніўня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Доме св. Марты аргентынскага місіянера а. Хорхэ Эрнандэса — пробашча адзінай каталіцкай парафіі ў Сектары Газа, з якім абмеркаваў апошнія трагічныя падзеі палестынска-ізраільскага канфлікту.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё святар расказаў, што ўся каталіцкая супольнасць Газы ўдзячна Пантыфіку за духоўную блізкасць і падтрымку. Ён распавёў, што Святы Айцец адправіў мясцовым вернікам пасланне праз электронную пошту, якое было перакладзена на арабскую мову і шырока распаўсюджана.

Паводле а. Хорхэ Эрнандэса, у прыватнай размове Папа Францішак нагадаў яму пра важнасць хрысціянскага сведчання, якое трэба даваць у любых месцах і пры любых абставінах. «Вам выпала сведчыць аб Езусе Хрысце там, на зямлі, якая бачыла Яго пакуты, смерць, але таксама і ўваскрасенне. Таму з адвагай ідзіце наперад», — пераказаў словы Святога Айца аргентынскі місіянер.

Гаворачы пра жыццё хрысціян Сектара Газа, а. Эрнандэс адзначыў, што мясцовая супольнасць налічвае каля 1300 вернікаў з амаль двухмільённага насельніцтва. З іх толькі 136 чалавек — католікі. Ён падкрэсліў, што яны маюць добрыя адносіны з мясцовымі праваслаўнымі і амаль ніколі не робяць розніцы паміж сабой.

Святар выказаў спадзяванне, што перамір’е паміж Ізраілем і «Хамасам» будзе канчатковым, таму што ад вайны пакутуюць абодва народы — і ізраільскі і палестынскі. «Неабходна зразумець адну рэч: вайну не выйграе ніхто. Абодва бакі павінны будуць расплачвацца за яе наступствы, кожны ва ўласны спосаб. Але ад вайны не выйграе ніхто», — сказаў ён.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.