Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак прывітаў вальдэнсаў і метадыстаў
Святы Айцец
25.08.2014 17:32

Папа Францішак скіраваў братэрскае прывітанне ўдзельнікам Сіноду вальдэнскіх і метадысцкіх Цэркваў Італіі, які пачаўся 24 жніўня 2014 г. у горадзе Торэ-Пелічэ, недалёка ад Турына. Гаворка ідзе пра першы падобны зварот Рымскага Пантыфіка ў гісторыі.

Пасланне да 180-ці дэлегатаў падпісаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Францішак выказаў удзельнікам падзеі сваю «духоўную блізкасць» і запэўніў, што просіць Бога «дазволіць усім хрысціянам надалей крочыць па шляху поўнай еднасці, каб сведчыць аб Пане Езусе Хрысце і несці святло і сілу Яго Евангелля людзям нашага часу». Пасланне Пантыфіка было прачытана на першай сесіі Сінода, мадэратарам вальдэнскай секцыі, пастарам Эўджэніа Бернардзіні. Сінод вальдэнскіх і метадысцкіх Цэркваў cкончыцца 29 жніўня. Падчас яго будзе абмяркоўвацца тэма сведчання веры ў кантэксце секулярызацыі і культурных перамен, характэрных для Італіі і ўсёй Еўропы.

Большасць вальдэнскіх супольнасцяў яшчэ з XІІ ст. існуе на прыальпійскай тэрыторыі Італіі, Францыі, Швейцарыі і Германіі. У 1532 г. яны прынялі кальвінісцкае вучэнне. У 1979 г. вальдэнсы і метадысты Італіі аб’ядналіся, стварыўшы Вальдэнскую Евангельскую Царкву і Саюз вальдэнскіх і метадысцкіх Цэркваў, які ўваходзіць ў Сусветную Раду Цэркваў.

Вальдэнсы – гэта другая па колькасці хрысціянская супольнасць у Італіі, якая налічвае каля 100 тыс. вернікаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.