Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэўся са сваім спецыяльным пасланнікам у Ірак
Святы Айцец
22.08.2014 12:54

21 жніўня 2014 г. Папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі кардынала Фернандо Філоні, свайго спецыяльнага пасланніка ў Ірак. Іерарх больш за тыдзень знаходзіўся ў гэтай краіне, несучы салідарнасць Святога Айца людзям, вымушаным пакінуць родныя дамы, каб ратавацца ад насілля з боку джыхадзістаў.

“Было вельмі прыемна, што Папа пажадаў прыняць мяне адразу пасля майго вяртання – гэта сведчыць аб яго перажываннях”, - адзначыў кардынал Філоні. Пантыфік уважліва выслухаў іерарха і станоўча ацаніў накірункі дзейнасці мясцовага Касцёла. “Магу сказаць, што сустрэча была цудоўнай”, - прызнаўся кардынал. Апавядаючы пра ўбачанае ў Іраку, пасланнік Папы адзначыў, што першаснымі патрэбамі бежанцаў з’яўляецца дах над галавой і забеспячэнне вадой. Зараз у Іраку самы гарачы перыяд года, калі тэмпература паветра дасягае 47-48 градусаў, таму вада і цень з’яўляюцца жыццёва неабходнымі, у першую чаргу для дзяцей, пажылых і хворых людзей.

Па словах кардынала, хрысціянскія бежанцы на поўначы Ірака жадаюць, каб сітуацыя змянілася як мага хутчэй і яны маглі вярнуцца ў свае дамы. Але зараз яны мараць аб “рамяні бяспецы, па магчымасці міжнародным”, які гарантуе ім вяртанне да нармальнага жыцця.

Многія з бежанцаў, якіх бачыў кардынал, згубілі сваіх блізкіх. Тэрарысты забілі вялікую колькасць мужчын-езідаў, жонкі і дзеці якіх засталіся адны. “Яны мелі абліччы, якія глядзелі ў пустку, згубленыя ў будучыні, зразумець сэнс якой ім не ўяўляецца магчымым. Уявіце, напрыклад, што жанчына на Блізкім Усходзе заўсёды патрабуе прысутнасці мужчыны – бацькі, брата або мужа, – які з’яўляецца гарантыяй яе жыцця, паводле мясцовай культуры. Зараз, калі яна больш не мае мужчыны побач, хто паклапоціцца аб яе будучыні? Там не як на Захадзе, дзе жанчына можа пабудаваць жыццё дзякуючы ўласным здольнасцям і сілам. Такім чынам, гэта ўсё становіцца вельмі, вельмі балюча; позірк гэтых жанчын, якія сядзяць, ляжаць, абсалютна без эмоцый, пакідае вялікае ўражанне”, распавёў кардынал.

Іерарх падкрэсліў, што людзі ў Іраку чакаюць дапамогі і магчымасці вярнуцца ў свае родныя дамы, каб жыць у спакоі і бяспецы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.