На шляху з Паўднёвай Карэі Папа Францішак адказаў на пытанні журналістаў | Друк |
Святы Айцец
19.08.2014 14:32

На борце самалёта падчас вяртання з Сеула ў Рым адбылася прэс-канферэнцыя са Святым Айцом. Візіт Папы Францішка ў Паўднёвую Карэю праходзіў з 13 па 18 жніўня 2014 г.

Адзін з журналістаў спытаў Пантыфіка пра яго адносіны да бамбардзіравання ісламскіх тэрарыстаў у Іраку, якое пачалі ЗША. Як адказаў Папа, неабходна спыніць агрэсара; сродкі для гэтага павінны быць узважаны, а рашэнне павінна прымаць не адна краіна, але ААН. “У выпадках, дзе прысутнічае несправядлівая агрэсія, магу толькі сказаць, што спыненне несправядлівага агрэсара – законна. Падкрэсліваю гэтае слова: спыненне. Не кажу бамбардзіраванне, вядзенне вайны, але спыненне. Сродкі, якімі іх можна спыніць, павінны быць ўзважаны”, - сказаў Пантыфік.

Гаворачы пра магчымасць візіту ў Ірак, Папа адзначыў, што гатовы ляцець туды, але, на яго думку, гэта не лепшае, што можна зрабіць у існуючай сітуацыі. Святы Айцец таксама адзначыў, што гатовы “хоць заўтра” наведаць Кітай. “Апостальская Сталіца заўсёды адкрытая на кантакт: таму што мае вялікую павагу да кітайскага народа”, - дадаў Пантыфік.

Закранаючы тэму катаванняў, да якіх часта прыбягаюць спецслужбы падчас судовых працэсаў, Папа сказаў, што “катаванні – гэта грэх і злачынства супраць чалавецтва”.

Пантыфік падзяліўся з журналістамі планамі адносна апостальскіх падарожжаў на 2015 год, расказаўшы, у прыватнасці, што плануе наведаць амерыканскую Філадэльфію, каб прыняць удзел у міжнароднай сустрэчы сем’яў, да якой магчыма будуць далучаны Вашынгтон і Нью-Ёрк. Папа не выключае магчымасці падарожжаў у Мексіку і Іспанію.

Гаворачы пра жэсты спачування і падтрымкі сваякам загінуўшых на пароме “Севол”, Папа падкрэсліў, што не мог рабіць інакш, паколькі з’яўляецца святаром. Таксама Святы Айцец расказаў, што сустрэў просьбу зняць з сутаны маленькую жоўтую ленту, якую насіў як сімвал салідарнасці з гэтымі людзьмі, - маўляў, Пантыфік павінен быць “нейтральным”. Але, паводле Папы, “перад абліччам чалавечага болю нейтральным быць нельга”.

Святы Айцец паведаміў, што ўжо падрыхтаваны чарнавік першай часткі будучай энцыклікі, прысвечанай экалагічным праблемам. Гэты тэкст, аднак, яшчэ будзе пераглядацца і рэдагавацца. Праблема ў напісанні падобнага кшталту дакумента заключаецца ў тым, што ён павінен грунтавацца на дакладна пацверджаных навуковых дадзеных, а гэта ў пытаннях экалогіі зрабіць складана, адзначыў Папа.

Святы Айцец распавёў, што наведаў Пантыфіка на пенсіі Бэнэдыкта XVI перад адлётам у Паўднёвую Карэю, а той некалькі тыдняў таму перадаў яму адну кнігу і пацікавіўся думкамі адносна напісанага ў ёй. Па словах Папы Францішка, існаванне Пантыфіка на пенсіі не павінна кагосьці непакоіць. Святы Айцец адзначыў, што калісьці і існаванне звычайных біскупаў на пенсіі было выключэннем, а зараз гэта нармальная з’ява, і тое ж датычыцца і папства. “Чаму? Таму, што наша жыццё становіцца больш доўгім і ў пэўным узросце знікае здольнасць добра кіраваць, бо цела стамляецца”, - сказаў Пантыфік, а таксама прызнаўся, што калі аднойчы адчуе, што не зможа выконваць свае абавязкі добра, то пасля малітвы зробіць тое самае, што і яго папярэднік.

Папа падзяліўся, што калі адпачывае, то чытае кнігі, слухае музыку і моліцца больш, чым звычайна, і распавёў, што з вялікай радасцю прыняў навіну пра перамогу сваёй любімай футбольнай каманды “Сан-Ларэнца” ў Чэмпіянаце Лацінскай Амерыкі, назваўшы гэта “цудам”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by