Папа выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю кардынала Эмануэля ІІІ Дэлі | Друк |
Святы Айцец
10.04.2014 12:45

9 красавіка ў ЗША адышоў у вечнасць былы Патрыярх Халдзейскай Каталіцкай Царквы, кардынал Эмануэль ІІІ Дэлі. З гэтай нагоды Папа Францішак выказаў свае спачуванні, прызнаўшыся, што “быў глыбока засмучаны” весткай пра смерць іерарха, якога “ўспамінае з глыбокай удзячнасцю”.

Святы Айцец адзначыў “адданасць памерлага Патрыярха свайму народу і яго імкненне да паважлівых, справядлівых і мірных адносін з паслядоўнікамі іншых рэлігійных традыцый”, даверыўшы яго “высакародную душу” бясконцай Божай міласэрнасці.

Кардынал Эмануэль III Дэлі нарадзіўся ў 1927 г. на тэрыторыі архідыяцэзіі Масул, прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1952 г. Праз 10 гадоў Святы Сінод Халдзейскай Каталіцкай Царквы прызначыў яго дапаможным біскупам Вавілонскага Патрыярхату, што пацвердзіў праз некалькі тыдняў Папа Павел VI. 3 снежня 2003 г. быў абраны Патрыярхам Вавілоніі. У Калегію кардыналаў яго ўключыў Бэнэдыкт XVI у 2007 г. У 2012 г. ён пакінуў пасаду з-за ўзросту і па стане здароўя. Са смерцю кардынала Эмануэля III Дэлі Калегія кардыналаў налічвае 216 членаў, з якіх 120 з’яўляюцца выбаршчыкамі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by