Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікаў да спынення насілля ў Сірыі
Святы Айцец
09.04.2014 13:36

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі 9 красавіка ў Ватыкане Папа Францішак нагадаў, што 7 красавіка ў сірыйскім Хомсе быў забіты айцец Франс ван дэр Люгт – 75-гадовы езуіт з Галандыі. Пантыфік нагадаў, што яго сабрат прыбыў у Сірыю яшчэ 50 гадоў таму, “з бескарыслівасцю і любоўю прыносіў шмат дабра ўсім і за гэта быў любімы і паважаны як хрысціянамі, так і мусульманамі”.

“Яго брутальнае забойства напоўніла мяне глыбокім болем і яшчэ раз прымусіла падумаць пра многіх людзей, якія пакутуюць і гінуць у гэтай змучанай краіне, якая ўжо на працягу доўгага часу з’яўляецца ахвярай крывавага канфлікту, што працягвае прыносіць смерць і нішчыць”, - сказаў Папа, дадаўшы, што думае таксама пра шматлікіх выкрадзеных людзей, хрысціян і мусульман, сірыйцаў і грамадзян іншых краін, сярод якіх ёсць біскупы і святары. “Папросім Пана, каб яны як хутчэй маглі вярнуцца да сваіх блізкіх, сем’яў і супольнасцяў”, - сказаў Пантыфік.

“Ад усяго сэрца запрашаю вас далучыцца да маёй малітвы за мір у Сірыі і рэгіёне і заклікаю сірыйскіх палітыкаў і міжнародную супольнасць: няхай змоўкне зброя і прыйдзе канец насіллю! Няхай больш не будзе вайны! Няхай больш не будзе знішчэння! Няхай паважаецца гуманітарнае права, здзяйсняецца клопат аб насельніцтве, патрабуючым гуманітарнай дапамогі, і няхай пажаданы спакой наступіць праз дыялог і прымірэнне”, - заклікаў Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.