Папа наведаў рымскую парафію Св. Грыгорыя Вялікага | Друк |
Святы Айцец
07.04.2014 14:24

Вечарам 6 красавіка Папа Францішак наведаў рымскую парафію Св. Грыгорыя Вялікага. Як і падчас сустрэчы на малітве “Анёл Панскі”, вернікі парафіі ў падарунак ад Папы атрымалі “кішэнныя” Евангеллі. “Насіце іх з сабой заўсёды, разгортвайце і чытайце любы фрагмент, стоячы ў чарзе або седзячы ў аўтобусе”, - пажадаў Святы Айцец.

У слове да парафіян Пантыфік закрануў тэму надзеі. Папа адзначыў, што мець надзею сёння нялёгка, таму што навокал шмат дрэнных рэчаў, хвароб, маладых людзей без працы, тых, хто страціў веру і не ведае, куды ісці. Але без надзеі жыць нельга, падкрэсліў Святы Айцец, бо калі яе няма, чалавек ідзе па жыцці без мэты, і менавіта яна стымулюе да творчасці, нараджэння дзяцей, працы. Гэта дар Божы, як дадаў Пантыфік, таму трэба адкрыць сэрца на Бога, і Ён дасць надзею.

Святы Айцец адзначыў, што ў сэрцы кожнага ёсць зоны, якія можна назваць амярцвелымі, і ў некаторых іх так шмат, што можна гаварыць аб “сапраўдным духоўным амярцвенні” - гэта стан людзей, якія адчуваюць сябе далёкімі ад Божай ласкі і не асмельваюцца прасіць прабачэння сваіх грахоў. “Толькі сіла Езуса можа дапамагчы нам выйсці з гэтай глыбокай магілы граху, якая ёсць у кожнага. Але часта мы вельмі прывязаны да сваіх надмагільных плітаў і не жадаем ад іх адмовіцца. Наша душа пачынае тады вылучаць непрыемны пах – пах граху”, - сказаў Папа і спаслаўся на Евангелле аб уваскрасенні Лазара, адзначыўшы, што Бог жадае вызваліць кожнага з труны граху, бо мае ўладу вяртання жыцця памерлым.

Пантыфік атрымаў ад дзяцей малюнак, на якім прадстаўлены Касцёл як карабель у моры падчас шторму.

У межах візіту Папа сустрэўся таксама з хворымі, размаўляў з заручанымі і бацькамі нядаўна ахрышчаных дзяцей, з былымі вязнямі і наркаманамі. У падарунак ад парафіі Святы Айцец атрымаў чорны партфель, напоўнены лістамі ад вернікаў, падобны да таго, які выкарыстоўвае падчас падарожжаў за межы Ватыкана.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by