Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва Украіне рассакрэцілі дакументы савецкіх спецыяльных служб пра Яна Паўла ІІ
Дзяржава Ватыкан
03.03.2017 09:20

Рассакрэчаны невядомыя раней дакументы, якія датычаць дзейнасці савецкіх спецыяльных служб, у тым ліку супраць Касцёла. Гэтыя матэрыялы паказваюць велізарны страх савецкіх спецслужбаў з-за выбару кардынала Караля Вайтылы на Пасад св. Пятра. 

Яны трапна прадказваюць кірунак і наступствы дзеянняў Яна Паўла II, эфекты яго выбару для актывізацыі грэка-каталіцкага асяроддзя і ўвогуле грамадзян Украіны. Гэты ўплыў кантраляваўся з самага пачатку.

Дакумент, які службы падрыхтавалі па гэтым пытанні, з’яўляецца адным з самых рэдкіх сведчанняў такога роду, лічаць эксперты Калегіўма Еўропы з Варшавы (College of Europe Natolin).

У рассакрэчаных матэрыялах бачна заклапочанасць выбарам кардынала Вайтылы: страх перад працягам палітыкі Яна XXIII і Паўла VI, страх, што католікі ва Усходняй Еўропе — Літве, Беларусі, Украіне — пачнуць дзейнічаць. Пра гэта ў інтэрв’ю KAI паведаміў Пётр Дзмінтовіч, гісторык, намеснік дырэктара музея Яна Паўла II і Прымаса Вышынскага.

У дакуменце можна прачытаць, што выбар Вайтылы Пантыфікам можа прывесці да значнай актывацыі католікаў і ўніятаў ва Украіне, органы КДБ Украінскай ССР распрацоўваюць папераджальныя метады прадухілення падрыўных памкненняў Ватыкана, выяўлення і спынення варожых дзеянняў яго эмісараў і місіянераў.

Пётр Дзмінтовіч звярнуў увагу на тое, што праз год з’явілася іншая запіска, у якой савецкія органы заяўляюць пра неабходнасць спыніць палітыку Папы любымі метадамі. Пішуць, што калі дэзінфармацыі і дыскрэдытацыі не дастаткова, трэба выкарыстоўваць іншыя сродкі. Гісторык лічыць, што тут гаворка ідзе пра напад.

Аўтары не разумелі, што Ян Павел II не палітык, што ён факусуе ўвагу на мірнай дзейнасці, заснаванай на годнасці і правах чалавека, адзначыў намеснік дырэктара музея Яна Паўла II і Прымаса Вышынскага, дадаўшы, што ў дакуменце адчуваецца непакой аўтараў з-за цеснага кантакту Папы з дарадцам прэзідэнта ЗША Збігневам Бжэзінскім.

Невядомыя раней дакументы, якія датычаць дзейнасці КДБ у Польшчы і ва Украіне, прадставіў на канферэнцыі «Тры рэвалюцыі — партрэты Украіны» ў Калегіўме Еўропы дырэктар архіва СБУ Андрэй Когут. Матэрыялы, якія адыгрываюць важную ролю ў вывучэнні канца камунізму і трансфармацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, размешчаны на інтэрнэт-старонцы праекта «Тры рэвалюцыі» (3R).

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.