Папскія апартаменты ў Кастэль-Гандольфа адкрыюць для турыстаў | Друк |
Дзяржава Ватыкан
17.10.2016 10:24

Праз тры з паловай гады пасля адмовы ад карыстання папскімі апартаментамі на трэцім паверсе Апостальскага палаца ў Ватыкане Папа Францішак пастанавіў канчаткова адмовіцца і ад іншых прыватных пакояў у летняй рэзідэнцыі Пантыфікаў у мястэчку Кастэль-Гандольфа пад Рымам.

21 кастрычніка 2016 г. яны стануць часткай музея разам з іншымі памяшканнямі палаца, якія ўжо на працягу года дасяжныя для наведавальнікаў. Пра гэта паведамілі ў Зале друку Святога Пасаду.

Біскупы Рыма валодалі сваёй летняй рэзідэнцыяй з часоў Урбана VIII у XVII стагоддзі. Апошнім Пантыфікам, які выкарыстоўваў памяшканні ў Кастэль-Гандольфа, быў Бэнэдыкт XVI. Папа Францішак прыбыў сюды толькі аднойчы, праз некалькі дзён пасля свайго абрання, каб сустрэцца з папярэднікам.

Турысты змогуць наведаць папскія спальню, капліцу, бібліятэку і працоўны кабінет, а таксама пакоі сакратароў, Швейцарскі салон і Залу кансісторыі.

Падчас урачыстай інаўгурацыі, якая пройдзе ў Кастэль-Гандольфа праз тыдзень, адбудзецца канцэрт кітайскай народнай музыкі пад назвай «Прыгажосць, якая аб’ядноўвае».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by