Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI распавёў аб прычыне сыходу з пасады Біскупа Рыма | Друк |
Дзяржава Ватыкан
24.08.2016 15:19

Папа на пенсіі Бэнэтыкт XVI у інтэрв’ю італьянскай газеце «La Repubblica» распавёў аб прычынах свайго адмаўлення ад пасады Біскупа Рыма, а таксама пра сардэчныя і сяброўскія адносіны з Папам Францішкам.

Паводле слоў Пантыфіка на пенсіі, нягледзячы на жаданне «давесці да канца Год веры» і скончыць чарговую энцыкліку, ён адчуваў сябе вельмі стомленым.

Акрамя таго, былі запланаваны Сусветныя дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра, на якіх, «паводле ўстаноўкі Яна Паўла ІІ, фізічная прысутнасць Папы была неад’емнай».

Абмежаванасць сіл

«Пасля падарожжа ў Мексіку і на Кубу я больш не адчуваў сябе ў стане здзейсніць настолькі складанае падарожжа», — прызнаўся Папа на пенсіі і дадаў, што менавіта тады, у сакавіку 2012 г., моцна адчуў абмежаванасць сваіх фізічных сіл.

«Перш за ўсё я зразумеў, што больш не ў стане пераносіць трансатлантычныя пералёты па прычыне змены часавых паясоў. Канешне, я размаўляў аб гэтых праблемах з маім урачом, прафесарам Патрыцыё Паліска. Такім чынам, станавілася ясна, што я больш не буду ў стане браць удзел у Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра летам 2013 г., бо гэтаму перашкаджала праблема часавых паясоў. Ад таго часу я павінен быў у адносна кароткі тэрмін прыняць рашэнне аб даце майго сыходу», — распавёў Бэнэдыкт XVI.

Сённяшні Пантыфік на пенсіі быў упэўнены, што без яго прысутнасці «Год веры пройдзе добра». «Я меў моцнае перакананне, што мой наступнік, як і адбылося пазней, зможа аднолькава добра давесці да канца пажаданую Панам ініцыятыву, якую пачаў я», — сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа Бэнэдыкт XVI і Папа Францішак

Каментуючы выбар кляштара «Mater Ecclesiae» у якасці сваёй рэзідэнцыі, Бэнэдыкт XVI спаслаўся на жаданне Яна Паўла ІІ, паводле якога гэтае месца павінна было быць месцам малітвы, «як крыніца жывой вады ў Ватыкане».

Таму ў ім па чарзе пражывалі прадстаўніцы розных кляўзуровых жаночых манаскіх супольнасцяў. У 2012 г. манахіні пакінулі кляштар па прычыне яго рамонту. Тады Бэнэдыкт XVI вырашыў заняць іх месца і адсюль працягваць служыць Касцёлу малітвай.

Папа на пенсіі распавёў, што акрамя падтрымкі, якую адчуваў ад Езуса, Маці Божай і святых спадарожнікаў яго жыцця – св. Аўгустына, св. Банавентуры, св. Бэнэдыкта і св. Францішка, — вельмі важнай была падтрымка людзей, ад якіх ён атрымліваў вялікае мноства лістоў з добрымі словамі і абяцаннямі малітвы.

Гаворачы пра адносіны з Папам Францішкам, Бэнэдыкт XVI заўважыў, што яго паслухмянасць «ніколі не ставілася пад пытанне».

Акрамя гэтага, іх злучае моцнае сяброўства. «У момант яго абрання, як і многія іншыя, я адчуў спантаннае пачуццё ўдзячнасці да Божага Провіду. Пасля двух Пантыфікаў з Цэнтральнай Еўропы Пан, калі так можна сказаць, скіраваў позірк на Паўсюдны Касцёл і заклікаў нас да больш шырокай еднасці, больш каталіцкай», — адзначыў Пантыфік на пенсіі.

Бэнэдыкт XVI назваў асабістыя адносіны з Папам Францішкам «бацькоўска-братэрскімі». Паводле яго слоў, цяперашні Папа часта дасылае яму маленькія падарункі, асабістыя лісты і наведвае перад падарожжамі.

Бэнэдыкт XVI завяршыў служэнне на пасадзе Біскупа Рыма 28 лютага 2013 г. Папа Францішак стаў яго наступнікам 13 сакавіка 2013 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by