Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: Праз Божую моц змяняць свет, каб ён быў светам жыцця, а не смерці
Дзяржава Ватыкан
29.06.2016 22:50

Бэнэдыкт XVI выкарыстаў грэчаскае слова «Efharistomen» — «удзячнасць», каб падзякаваць Папу Францішку, іерархам і вернікам за віншаванні яму з нагоды 65-годдзя святарства і адначасова праславіць бясконцую міласэрнасць Езуса, які ператварыў свой крыж і цярпенні ў падзяку і благаслаўленне — Эўхарыстыю.

28 чэрвеня ў Клеменційскай зале Апостальскага палаца ў Ватыкане прайшлі ўрачыстасці з нагоды юбілею Пантыфіка на пенсіі.

Юбіляр узгадаў святара, які 65 гадоў таму разам з ім прымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і на абразку ў памяць аб прыміцыйнай святой Імшы напісаў толькі адно слова — грэчаскае «Efharistomen». «Я перакананы, што гэтым словам у яго шматлікіх значэннях сказана ўсё, што можна сказаць у гэты момант», — адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Папа на пенсіі падзякаваў свайму наступніку за дабрыню, якая вызначае ўвесь яго пантыфікат з першых дзён абрання на Святы Пасад. Бэнэдыкт XVI пажадаў Папу Францішку «ісці наперад шляхам Божай Міласэрнасці, паказваючы дарогу Езуса — да Езуса, да Бога».

Таксама Бэнэдыкт XVI падзякаваў кардыналу Анджэло Садана, дэкану Калегіі кардыналаў, за словы віншавання, якія да глыбіні кранулі яго сэрца, і за сяброўства, якое працягваецца да сённяшняга дня. «Сэрца прамаўляе да сэрца», — так апісаў свае пачуцці Пантыфік на пенсіі і прызнаўся, што кардынал Садана здолеў перадаць яго разуменне сутнасці святарскага служэння: «святар павінен несці людзям святло Бога і любоў Бога».

Бэнэдыкт XVI выказаў удзячнасць Прэфекту Кангрэгацыі Веравучэння кардыналу Герхарду Людвігу Мюлеру за працу па прэзентацыі напісаных ім тэкстаў аб святарстве, праз якія, прызнаўся Папа на пенсіі, ён імкнецца дапамагчы сваім братам нанова ўвайсці ў таямніцу, якую Бог усклаў на святарскія рукі.

Падчас Літургіі, дадаў Бэнэдыкт XVI, праяўляецца больш глыбокае, хоць і схаванае, значэнне слова «Efharistomen». «Езус ператварыў свой крыж, цярпенні і ўсё зло свету ў падзяку і благаслаўленне» і штодня дае хлеб сапраўднага жыцця, які пераўзыходзіць свет дзякуючы моцы Божай любові, патлумачыў Пантыфік на пенсіі і пажадаў, каб праз Божую моц кожны змяняў свет — каб быў светам жыцця, а не смерці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.