Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа прызначыў новага Апостальскага Нунцыя ў Расійскай Фэдэрацыі
Дзяржава Ватыкан
28.05.2016 23:14

28 мая Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім Нунцыем у Расійскай Фэдэрацыі арцыбіскупа Чэлесціно Мільёрэ. Да гэтага часу іерарх быў Апостальскім Нунцыем у Польшчы.

Новы дыпламатычны прадстаўнік Святога Айца ў Расіі нарадзіўся 1 ліпеня 1952 г. у Кунеа (Італія). Атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1977 г. Вучыўся ў Цэнтры вывучэння тэалогіі ў Фасана, Папскім Латэранскім універсітэце і Папскай Касцёльнай акадэміі. Пачаў службу ў ватыканскай дыпламатыі ў 1980 г.

Арцыбіскуп Мільёрэ працаваў у Апостальскай дэлегацыі ў Анголе, Апостальскіх Нунцыятурах у ЗША, Егіпце і Польшчы. У 1992 г. быў прызначаны пастаянным назіральнікам Святога Пасаду пры Савеце Еўропы ў Страсбургу. З 1995 па 2002 гг. нёс служэнне ў Дзяржсакратарыяце і займаўся выкладчыцкай дзейнасцю.

30 кастрычніка 2002 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго пастаянным назіральнікам Апостальскай Сталіцы пры ААН у Нью-Ёрку, надаўшы яму годнасць арцыбіскупа. Гэту пасаду дыпламат займаў да 30 чэрвеня 2010 г., калі Бэнэдыкт XVI прызначыў яго Апостальскім Нунцыем у Польшчы.

Арцыбіскуп Мільёрэ валодае італьянскай, французскай і англійскай мовамі. На пасадзе Апостальскага Нунцыя ў Расійскай Федэрацыі ён змяніў арцыбіскупа Івана Юркавіча, прызначанага на пасаду пастаяннага назіральніка Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе і Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.