Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI памаліўся са сваімі былымі вучнямі
Дзяржава Ватыкан
31.08.2015 15:56

Пантыфік на пенсіі Бэнэдыкт XVI узначаліў святую Імшу для «Кола вучняў Ратцынгера» – аб’яднання тых, хто пісалі доктарскія працы пад яго кіраўніцтвам або былі яго асістэнтамі, калі ён займаўся выкладчыцкай дзейнасцю.

Штогадовая сустрэча прайшла 27-30 жніўня ў Кастэль-Гандольфа на тэму «Як сёння казаць пра Бога? Крызіс веры ў Еўропе». Сустрэча з Бэнэдыктам XVI адбылася ў Ватыкане.

Эўхарыстыя прайшла ў касцёле на тэрыторыі Тэўтонскіх могілак. Разам з Папам на пенсіі яе цэлебравалі старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох і арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонборн. Абодва іерархі з’яўляюцца былымі студэнтамі Бэнэдыкта XVI.

Папа на пенсіі прамовіў сваю гамілію на нямецкай мове. Каментуючы нядзельнае евангельскае чытанне, Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на важнасць унутранага ачышчэння чалавека, адзначыўшы, што неабходна адказаць «унутранай гігіенай» на шматлікія «хваробы і эпідэміі», якія пагражаюць сэрцу. Паводле Бэнэдыкта XVI, ачышчаючую сілу мае Божае слова, у якім чалавек сустракаецца з самім Богам.

Пасля Эўхарыстыі Бэнэдыкт XVI асвяціў у адным з памяшканняў комплекса Тэўтонскага калегіума залу, названую ў яго гонар, пажадаўшы, каб усё, што ў ёй будзе адбывацца, служыла развіццю Касцёла. 18 лістапада 2015 г. тут будзе адкрыта Рымская бібліятэка Ёзафа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI, у якой будуць сабраны кнігі Папы на пенсіі на розных мовах.

«Кола вучняў Ратцынгера» існуе з 1971 г. Яно ўзнікла для арганізацыі сустрэч дактарантаў з іх навуковым кіраўніком. Нават тады, калі Ёзаф Ратцынгер стаў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, тэолагі не перасталі сустракацца. Зараз семінары праводзяцца раз у год. На працягу апошніх гадоў Бэнэдыкт XVI не прымае ў іх удзелу, але заўсёды знаходзіць час, каб памаліцца разам са сваімі былымі студэнтамі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.