Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальская Сталіца падтрымала пагадненне аб адмене мытных збораў
Дзяржава Ватыкан
30.07.2015 14:20

Апостальская Сталіца падтрымала пагадненне аб адмене мытных збораў з больш чым 200 тэхналагічных прадуктаў, падпісанае большасцю краін-членаў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Паводле экспертаў, гэтае рашэнне абумовіць зніжэнне коштаў, стварэнне новых працоўных месцаў і дасць новы імпульс эканоміцы на глабальным узроўні.

“Гэта крок наперад, бо дапаможа самым бедным краінам эфектыўна прысутнічаць на сусветным рынку”, - адзначыў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе арцыбіскуп Сільвана Тамазі ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. На пытанне аб тым, ці будуць багатыя краіны спрыяць увядзенню падпісанага пагаднення ў сілу, дыпламат адказаў, што ратыфікацыя можа зацягнуцца на гады.

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў, што рынкавая эканоміка мае патрэбу ў правілах і абмежаваннях, каб не было злоўжыванняў, якія наносяць шкоду цэлым катэгорыям людзей і дзяржаў. “Эканоміка павінна быць на службе асобе, а не асоба на службе эканоміцы. Напрыклад, фінансавы рынак не можа быць проста спекулятыўным, такім, ад якога пакутуе рэальная эканоміка. Таксама і фінансавы рынак павінен знаходзіцца на службе рэальнай эканоміцы”, - сказаў арцыбіскуп. Іерарх дадаў, што існуюць дзяржавы і катэгорыі людзей, якія дзеля сваіх мэтаў імкнуцца заблакаваць змены ў сітуацыі.

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што пазіцыя Касцёла не з’яўляецца “антыкапіталістычнай”. “Рынкавая эканоміка прынесла добрыя вынікі, аднак трэба сказаць, што рынкавай эканомікі самой па сабе не дастаткова: таксама і дзяржава павінна граць ролю ў гэтай эканоміцы, устанаўліваючы правілы з мэтай стварэння найбольш эфектыўнай сацыяльнай раўнавагі”, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.