Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане прапанавалі пагадненне гарадоў
Дзяржава Ватыкан
24.07.2015 14:35

Праект пагаднення гарадоў, бяспечных для навакольнага асяроддзя, стаў вынікам двухдзённага пасяджэння мэраў з усяго свету ў Ватыкане. Ён утрымліваецца ў дэкларацыі, выдадзенай пасля сімпозіума “Росквіт, людзі і планета – дасягненні ўстойлівага развіцця ў нашых гарадах”, які завяршыўся 22 ліпеня  і быў арганізаваны Папскай акадэміяй навук.

Афіцыйная прэзентацыя пагаднення пройдзе ў Нью-Ёрку 24 верасня, напярэдадні візіту Папы ў штаб-кватэру ААН і прыняцця гэтай Арганізацыяй так званых Мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця.

У дэкларацыі ўтрымліваецца спасылка на сустрэчу мэраў са Святым Айцом і на яго заклік да барацьбы з сацыяльным адчужэннем і новымі формамі рабства. Паводле Папы Францішка, узаемазалежнасць прымушае нас думаць аб адным свеце ў рамках агульнага праекту. Сённяшнія асноўныя праблемы не могуць быць вырашаны праз дзеянні асобных краін і патрабуюць глабальнага пагаднення.

Пагадненне гарадоў, прапанаванае ў Ватыкане мэрамі з усяго свету, павінна быць адкрытым і добраахвотным. Дэкларацыя ўстанаўлівае шэраг кіруючых прынцыпаў. Яны звязаны з барацьбой з крайняй галечай і голадам, а таксама забеспячэннем роўнага і ўсеагульнага доступу да аховы здароўя і адукацыі. Рэкамендуецца таксама барацьба з карупцыяй і беспакаранасцю, якія з’яўляюцца пагрозай для ўстойлівага развіцця, умацаванне інавацыйнай ролі ўніверсітэтаў. Трэба, як адзначаецца, гарантаваць усім годную працу і павагу да правоў чалавека, а таксама жыллё для бяздомных. У дэкларацыі таксама гучыць заклік пакласці канец гандлю людзьмі і ўсім формам сучаснага рабства.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.