Армянскі святар і паэт стане Доктарам Касцёла | Друк |
Дзяржава Ватыкан
24.02.2015 14:54

Папа Францішак пацвердзіў станоўчае рашэнне пленарнай сесіі кардыналаў і біскупаў, членаў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, адносна надання тытула Доктара Паўсюднага Касцёла святому Грыгорыю з Нарэка — армянскаму святару і законніку, паэту і вучонаму.

Пантыфік пазнаёміўся з дакументамі гэтай справы 21 лютага падчас сустрэчы з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардыналам Анджэло Амата.

Святы Грыгорый жыў у перыяд паміж 950-1005 гг. Ён паходзіў з сям’і князя Хасрова Андзэвацы, які пазней стаў епіскапам. З маленства выхоўваўся пры кляштары ў армянскім мястэчку Нарэк, якое сёння знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі. Пазней стаў святаром і абатам. Вёў жыццё, поўнае пакоры і любові, шмат працаваў і маліўся. Шануецца як вялікі тэолаг і адзін з самых важных паэтаў армянскай літаратуры. Шырокую вядомасць яму прынёс твор «Кніга пакутных песняў», які адыграў важную ролю ў станаўленні армянскай літаратурнай мовы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by