Крызіс ва Украіне выклікае найбольшую занепакоенасць Святога Пасаду | Друк |
Дзяржава Ватыкан
13.02.2015 13:25

Свае меркаванні наконт актуальных праблем сённяшняй дыпламатыі выказаў у інтэрв’ю італьянскай газеце “Frontiera” 10 лютага Дзяржаўны сакратар Святога Пасаду кардынал Пьетро Паралін. На пытанне пра тое, якія крызісныя сітуацыі ў свеце выклікаюць найбольшую занепакоенасць Святога Пасаду, бліжэйшы супрацоўнік Папы адказаў, што гэта, бясспрэчна, крызіс ва Украіне.

Дзяржсакратар выказаў спадзяванне, што “верх возьмуць цвярозы розум і мудрасць, якія дазволяць знайсці выйсце з гэтага крызісу шляхам перамоваў”.

Да іншых крызісных сітуацый, якія выклікаюць занепакоенасць Ватыкана, кардынал аднёс падзеі ў Афрыцы, звязаныя з прысутнасцю “Бока Харам” у Нігерыі і яе пашырэннем у Камеруне. Гэтая тэрарыстычная групоўка з’яўляецца дэстабілізуючым феноменам у Афрыцы на поўдзень ад Сахары. Акрамя таго, працягваюцца трагічныя падзеі на Блізкім Усходзе, нагадаў ватыканскі іерарх.

Перш за ўсё Папа Францішак, а таксама ватыканскія дыпламаты, імкнуцца дапамагчы супраціўным бакам дасягнуць збліжэння, скласці зброю і знайсці выйсце з крызісу шляхам мірных перамоваў, адзначыў Дзяржсакратар.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by