Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад да ААН: няма больш важнага прыярытэту, чым змаганне з голадам
Дзяржава Ватыкан
31.10.2014 16:51
Велізарная колькасць прадуктаў харчавання марнуецца, у той час як сотні мільёнаў людзей пакутуюць ад хранічнага голаду і харчовай небяспекі. З такімі словамі да ўдзельнікаў 69-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН звярнуўся Пастаянны назіральнік Святога Пасаду арцыбіскуп Бернардзіто Ауса. 28 кастрычніка на парадку дня пасяджэння разглядаліся пытанні сельскагаспадарчага развіцця і харчовай бяспекі.

Па даных ААН, за апошнія два дзесяцігоддзі колькасць людзей, што пакутуюць ад хранічнага голаду, зменшылася на 17 %. Аднак каля 850 мільёнаў чалавек усё яшчэ пакутуюць ад вострага голаду. Арцыбіскуп Ауса выказаў перакананасць, што «выкараненне голаду з’яўляецца не толькі прыярытэтнай мэтай развіцця, але і маральным імператывам». Па словах іерарха, прычына голаду — не ў нястачы прадуктаў харчавання, бо ў свеце іх вырабляецца дастаткова для таго, каб накарміць усіх, а ў іншым: у адсутнасці тэхналогій захоўвання і гандлёвай інфраструктуры, неабходных дробным вытворцам, а таксама дзяржаўных стымулаў вытворчасці і камерцыялізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі. Акрамя таго, у багатых краінах мае месца буйнамаштабнае знішчэнне прадуктаў харчавання дзеля ўтрымання цэн на высокім узроўні.

Няма больш важнага прыярытэту, чым змаганне з голадам, бо харчаванне служыць фундаментам аховы здароўя, адукацыі, міру і рэалізацыі правоў чалавека. Таму прадстаўнік Святога Пасаду адобрыў уключэнне пытанняў харчовай бяспекі і сельскагаспадарчага развіцця ў Парадак дня ўстойлівага развіцця на перыяд пасля 2015 г.

Арцыбіскуп Ауса выказаў падтрымку палітыцы, накіраванай на аказанне дапамогі самым слабым: цяжарным жанчынам і дзецям ва ўзросце да пяці гадоў, і нагадаў, што ад недаядання штогод пакутуе 51 мільён дзяцей, каля 7 мільёнаў паміраюць. Іерарх падкрэсліў ролю сям’і ў барацьбе з голадам і захаванні навакольнага асяроддзя для сённяшніх і будучых пакаленняў і адзначыў, што прызнанне ролі сям’і павінна суправаджацца палітыкай і ініцыятывамі, накіраванымі на задавальненне патрэб сельскіх жыхароў і іх сем’яў.

На заканчэнне арцыбіскуп нагадаў удзельнікам пасяджэння пра міжнародную канферэнцыю па праблемах харчавання, якая адбудзецца ў Рыме ў лістападзе. Папа Францішак плануе выступіць на канферэнцыі са зваротам, у якім выкажа прыхільнасць да пабудовы будучыні, дзе не будзе галадаць ніводзін чалавек.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.