Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў прымуць удзел сужэнскія пары
Дзяржава Ватыкан
08.09.2014 14:38

У ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў на тэму душпастырскіх выклікаў, звязаных з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі, якая пройдзе ў Ватыкане 5-19 кастрычніка 2014 г., прымуць удзел не толькі іерархі і эксперты ў сацыяльных навуках, але і сужэнскія пары. Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю інтэрнэт-парталу “Vatican Insider” старшыня Папскай рады па справах сям’і арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

"На працягу бліжэйшых дзён будзе апублікаваны спіс удзельнікаў. Гаворка ідзе пра надзвычайны Сінод, таму колькасна ён будзе больш сціплы за звычайныя. Але, без сумніваў, на ім належным чынам будуць прысутнічаць сужэнскія пары – мужчыны і жанчыны, пакліканыя ўнесці ў дэбаты аб сям’і свой спецыфічны ўклад, як сужэнцы і бацькі. На мой погляд, гэта вельмі правільна, што ў сэрцы Касцёла будуць непасрэдна выслуханы галасы тых, хто жыве надзеямі, трывогамі і праблемамі сем’яў сёння”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп нагадаў, што 28 верасня 2014 г. было абвешчана днём малітвы ў інтэнцыі будучага Сіноду. У гэты дзень Папа Францішак будзе маліцца за сем’і, а затым упершыню правядзе вялікую сустрэчу з пажылымі людзьмі. “Такім чынам Францішак жадае паказаць важнасць сям’і ва ўсіх яе сувязях. Для грамадства фундаментальным з’яўляецца тое, каб сям’я зноў разглядалася ва ўсім сваім багацці адносінаў: паміж пажылымі, бацькамі, дзецьмі, унукамі. Мы не можам дазволіць сабе згубіць велізарны скарб, які ўяўляюць сабой пажылыя людзі”, - падкрэсліў старшыня Папскай рады па справах сям’і.

Мерапрыемствы, якія адбудуцца 28 верасня, на думку іерарха, павінны стаць сігналам не толькі для хрысціянскай супольнасці, але і для грамадскай; неабходна звярнуць максімальную увагу на пажылых людзей, каб яны не проста мелі доўгія гады жыцця ў адзіноце, але і ўзбагачаліся любоўю. “Я лічу гэта адной з геніяльных рысаў Папы Францішка: за тыдзень да адкрыцця Сіноду звярнуць увагу на тэму сям’і праз тых, хто рызыкуе быць выкінутым на ўзбочыну”, - сказаў арцыбіскуп.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.