Суcветны кангрэс касцёльных рухаў пройдзе ў Ватыкане | Друк |
Дзяржава Ватыкан
23.07.2014 17:39

Святы Пасад у трэці раз арганізуе Сусветны кангрэс касцёльных рухаў і новых супольнасцяў. Ён адбудзецца гэтай восенню. Для ўдзелу ў форуме, які пройдзе 20-22 лістапада ў Ватыкане, ужо зарэгістраваліся прадстаўнікі больш чым 80 супольнасцяў з усіх кантынентаў. Арганізатарам мерапрыемства пад назвай «Радасць Евангелля — місійная радасць» з’яўляецца Папская рада па справах свецкіх. Папа Францішак неаднаразова выказваў асаблівую ўдзячнасць касцёльным рухам і новым супольнасцям за іх місію ў абвяшчэнні Евангелля ў сучасных умовах.

Месцам правядзення форуму стане Папскі міжнародны калегіум «Maria Mater Ecclesiae». Па запрашэнні Папскай рады па справах свецкіх у ім прымуць удзел прадстаўнікі найбольш распаўсюджаных у свеце рухаў і супольнасцяў, ужо прызных ватыканскай дыкастэрыяй у якасці міжнародных асацыяцый вернікаў або маючых пастаянны дыялог з ёй.

Папярэднія форумы — у 1998 г. і 2006 г. — былі звязаны з сустрэчамі касцёльных рухаў з Папамі – св. Янам Паўлам II і Бэнэдыктам XVI. Іх мэтай было супольнае разважанне над найбольш актуальнымі пытаннямі, якія тычацца тоеснасці і місіі асацыяцый вернікаў у Касцёле і ў свеце.

Падчас сустрэчы з рухамі, аб’яднаннямі і касцёльнымі супольнасцямі з нагоды Года Веры ва ўрачыстасць Пяцідзесятніцы ў 2013 г. Папа Францішак сказаў, што яны з’яўляюцца «дарам і багаццем для Касцёла», а іх місія — у «нясенні сілы Евангелля». «Не бойцеся! Заўсёды захоўвайце радасць і любоў да камуніі ў Касцёле», — сказаў тады Пантыфік. Неўзабаве пасля гэтага ён абвясціў адгартацыю «Evangelii gaudium», якая, на думку Папскай рады па справах свецкіх, з’яўляецца «сапраўдным дапаможнікам для касцёльных рухаў і новых супольнасцяў».

Зыходзячы з гэтага, Рада вырашыла арганізаваць наступны кангрэс, «каб лепш засвоіць словы Святога Айца і прачытаць іх яшчэ раз у святле досведу і выклікаў», якія стаяць сёння перад касцёльнымі асацыяцыямі вернікаў. Многія з іх, з’яўляючыся вынікам ІІ Ватыканскага Сабору 50 гадоў таму, уваходзяць у дарослы ўзрост, «этап касцёльнай сталасці». Жаданне Папскай рады ў тым, каб Кангрэс дапамог ім у радасным прыняцці папскага запрашэння, далучыцца да «дынамікі місіянерскага выйсця», новага этапу евангелізацыі, адзначанай радасцю абвяшчэння Евангелля, што з’яўляецца «прыярытэтнай задачай на шляху Касцёла».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
 
© 2003-2024 Catholic.by