Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Кожная — Марыі спадарожная». Гімн жыццю святой Джанны Бэрэтта Мола

У месяц Марыі — жанчыны свету, якая дала і дае найпрыгажэйшы прыклад жыцця для кожнай жанчыны, на нашым партале распачынаем праект «Кожная — Марыі спадарожная».

У гэтым праекце мы пазнаёмім з  гісторыямі 5 дзяўчат і жанчын Каталіцкага Касцёла, якія ідуць сцяжынай хрысціянскага жыцця. Многіх з іх чытачы маглі неаднаразова бачыць  у святыні, на працы, ва ўніверсітэце, у краме, у транспарце ці на вуліцы…

Першай жанчынай, пра якую пойдзе гаворка, будзе жанчына, якую ў звычайным жыцці маглі сустрэць жыхары Італіі, бо менавіта да яе яны прыносілі сваіх хворых дзяцей, не ведаючы, што гэта будучая святая. Яе імя Джанна Бэрэтта Мола.

Джанна Мола — жанчына нашага стагоддзя, якая пражыла звычайнае жыццё, рэалізавала сябе і знайшла шчасце ў прафесійнай сферы, у шлюбе і ў сямейным жыцці, а найперш у тым, што яна бачыла спаўненне свайго паклікання. Маладая ўрач, жонка і маці, яна ў 1962 годзе рызыкнула дзеля сваёй чацвёртай дачкі сваім жыццём і … страціла яго…

У гісторыі Каталіцкага Касцёла шмат святых, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу, цалкам ахвяраваўшы сябе  ў святарскім ці ў манаскім жыцці. Але нашмат менш «святых сямейных», якія стваралі сям’ю, нараджалі і выхоўвалі дзяцей. Між тым такія святыя таксама ёсць і, магчыма, вялікай колькасці імён мы яшчэ не ведаем афіцыйна. І час іхняй славы яшчэ прыйдзе.

Аднак жа першай кананізаванай замужняй жанчынай Новага часу стала італьянка Джанна Бэрэта Молла, маці чатырох дзяцей. І зараз пра яе.

Гісторыя Джанны

Джанна нарадзілася ў Маджэнце каля Мілана ў шматдзетнай сям’і 4 кастрычніка 1922 года.

Яна была дзясятым дзіцём з трынаццаці. Пасля вучобы ў Класічным ліцэі сясцёр святой Даратэі ў Генуі, якраз у часы Другой сусветнай вайны яна вучылася ва ўніверсітэтах Мілана і Падуі на факультэце медыцыны і хірургіі. Пасля сканчэння вучобы атрымала дыплом хірурга, абраўшы ў якасці асноўнай спецыялізацыі педыятрыю.

Сям’я Джанны, яе браты і сёстры ўсе атрымалі цудоўную адукацыю: два інжынеры, чатыры ўрачы, фармацэўтка і мастачка.

У 30-гадовым узросце Джанна выйшла замуж за інжынера  П’етро Мола.

«Любоў — самае прыгожае пачуццё». Пра шлюб

У сваім дзённіку перад шлюбам, 4 верасня 1955 года, яна пісала: «Калі я думаю пра нашу вялікую ўзаемную любоў, то мне застаецца толькі дзякаваць Богу. Цалкам правільна, Любоў — самае прыгожае пачуццё, падараванае Богам для душы чалавека. І мы заўсёды будзем любіць адно аднаго, як зараз. Дарагі П’етро. Засталося ўсяго 20 дзён, і я… стану Джанна Мола!»

Джанна замовіла сваёй швачцы незвычайна прыгожую сукенку, бо, як некалі яе мама, яна спадзявалася аднойчы пашыць з яе арнат, калі яе сын стане святаром.

Падрыхтоўка да шлюбу не тычылася, зразумела, толькі знешняй падрыхтоўкі. Джанна прапанавала свайму мужу і духоўна падрыхтавацца да сакрамэнту: «Што скажаш, — сказала яна П’етро, — калі мы здзейснім малітоўны трыдуум? 21, 22 і 23 –га — святая Імша і Камунія, ты — у Понтэ Нуова, я — у санктуарыі Унебаўзяцця. Найсвяцейшая Панна аб’яднае нашыя малітвы. (…) Я ўпэўнена, што ты скажаш “так”, і я табе за гэта ўдзячная».

Пасля вянчання Джанна і П’етро выправіліся ў вясельнае падарожжа, наведалі Рым, Кастэль Гандольфа, дзе прынялі ўдзел у папскай аўдыенцыі, Неапаль, Пампеі, астравы Сіцыліі, Іск’я і Капры.

Джанна так апісвала першае сумеснае падарожжа з П’етро свайму брату: «Дні нашага вясельнага падарожжа не маглі быць яшчэ больш цудоўнымі, спакойнымі і радаснымі. Сённяшні вечар скончыўся благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам — таксама, як і літургія нашага вянчання. Што датычыцца прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса і Беззаганнай Панне, то мы вырашылі абавязкова яго рабіць і ўжо паставілі ў пакоі для гасцей фігуру Найсвяцейшага Сэрца Езуса...»

Пра тое, што яна адчувала тады,  яна казала так: «Я проста вельмі і вельмі шчаслівая».

Пра працу

Пасля таго, як Джанна стала замужняй жанчынаю, яна не пакінула сваю працу, але працягвала медыцынскую практыку.

Яна лячыла хворых у Мезэра, у Понтэ Нуова і Маджэнта ўзначальвала жаночую кансультацыю і яслі ад ONMI, таксама на дабравольных пачатках працавала ўрачом у дзяржаўным дзіцячым садку і пачатковай школе.

Здавалася, столькі часу прысвячаючы працы, складана было быць добрай гаспадыняй. Аднак пра жонку як гаспадыню яе муж казаў, што яна цудоўна гатавала і цудоўна вяла хатнюю гаспадарку. Джанна была заўсёды гасціннай і адкрытай, таму іхні дом заўсёды быў адкрыты для іншых.

Чым Джанна захапляла свайго мужа П’етро?

П’етро захапляўся Джаннай не толькі за яе добры падыход да працы і хатніх абавязкаў, ён захапляўся прыгажосцю яе сэрца і душы:

«Ты не губляла радасці жыцця, не спынялася атрымліваць асалоду ад стварэння, ад гор і аблокаў, канцэртаў сімфанічнай музыкі і тэатра, як у часы нашага юнацтва, так і падчас нашых заручынаў. Твае прапановы, учынкі да самых дробязяў адпавядалі тваёй веры, духу, апостальскаму і міласэрнаму служэнню юнацтва, абсалютнаму даверу Божаму Провіду і духу тваёй пакоры.

Пра сямейнае жыццё П’етро ўзгадваў: «Джанна адносілася да мяне з вялікім разуменнем і любоўю, не скардзілася, што мая праца надоўга забірала мяне ад сям’і. Калі графік камандзіровак быў не вельмі насычаным, то я браў яе з сабою: у Германію, Данію і Швецыю».

Разам з тым Джанна паспявала дапамагаць і ў працы свайму мужу, раздзяляючы з ім абавязкі па кіраўніцтве фабрыкай. Не скардзілася і не наракала ў асабліва складаныя часы, калі ў 1956-1957 гг., а потым у 1961 г. у рабочых нарастала напружанне, якое праяўлялася ў шматлікіх забастоўках.

Джанна ў гэтыя моманты клапацілася пра дзяцей рабочых, за што тыя вельмі яе паважалі і цанілі.

Джанна і яе пакліканне быць маці

Для Джанны пакліканне да шлюбу было немагчымым без жадання мець дзяцей. Яна была жанчынай, якая насіла па-мацярынску ў сваім сэрцы ўсіх дзяцей зямлі. Гэтую рысу адразу заўважылі пацыенты амбулаторыі. Аднойчы, у дзень нараджэння кагосьці з дзяцей, яна пачаставала ўсіх марозівам і з радасцю пасядзела з хворымі.

Аднак прага мацярынства была абумоўлена не толькі прыродным інстынктам. Яшчэ падчас заручын у сваіх лістах яна з радасцю пісала пра магчымасць даць жыццё дзецям, якія будуць праслаўляць Творцу і служыць Яму. Сваім мацярынствам яна змагла б падзякаваць Богу-Творцу за дар любові, якім сама была шчодра адорана.

У іхняй сям’і нарадзілася трое дзяцей, нараджэнне кожнага з якіх для здароўя Джанны было вялікім выпрабаваннем.

Пра выхаванне дзяцей

Маладая маці рупліва займалася выхаваннем сваіх траіх дзяцей. Якія былі яе прынцыпы? Старалася належным чынам прымяняць любоў і дабрыню і прывіваць дзецям каштоўнасці не муштраваннем, але перакананнем. Гэтаму яна навучылася ў сваіх бацькоў. Не крычала і тым больш не біла дзяцей, але жадала, перш за ўсё, паказаць ім сваю любоў і зрабіць так, каб яны зразумелі яе.

Яна прызнавалася адной сяброўцы: «Можа, гэтым дзеткам нядоўга засталося быць з мамай. Я не хачу, каб у іх засталіся пра мяне дрэнныя ўспаміны».

Джанна лічыла вельмі важным маральнае і рэлігійнае выхаванне, бо яна горача жадала прывесці дзяцей да Бога — да Таго, Хто ёй іх падарыў. Яна запісала іх у секцыю дзяцей Каталіцкай Акцыі і на катэхетычныя заняткі.

Штовечар яна здзяйсняла з імі кароткі рахунак сумлення і мякка паказвала іх маленькія недахопы: «Як думаеш, што спадабалася Езусу? Не хочаш папрасіць у Езуса прабачэння за сёе-тое, зробленае сёння?» Яна вучыла дзяцей маліцца за блізкіх, у першую чаргу за бацьку, калі яго не было дома, і за місіі. Акрамя таго, яна старалася выклікаць у душы дзяцей гатоўнасць адмаўляцца ад задавальненняў дзеля добрай справы, напрыклад, дзеля місій.

Напрыканцы дня Джанна разам з П’етро маліліся на ружанцы. Па магчымасці Джанна імкнулася прысутнічаць на Эўхарыстыі ў працоўныя дні, але з нараджэннем дзяцей яна не магла рабіць гэта так часта і рэгулярна. Месцам яе малітвы была капліца Божай Маці Добрай рады, якая знаходзілася ля дома.

Небяспека, якую трэба было прыняць

Калі Джанна была цяжарная чацвёртым дзіцём, стала вядома, што яна хворая на рак — пухліну маткі, што перашкаджала данасіць ненароджанае дзіця да канца тэрміну. Урачы прапанавалі Джанне тры варыянты, якія б маглі ўратаваць сітуацыю, але ў першых двух выпадках былі больш бяспечныя для яе жыцця — павінна было памерці дзіця, таму Джанна выбрала трэці – выдаленне пухліны без шкоды дзіцяці.

Яе муж П’етро дазволіў жонцы дзейнічаць так, як яна лічыць патрэбным, але вельмі перажываў за яе рашэнне. Джанна была рашуча настроена ахвяраваць сабой дзеля ратавання дзіцяці.

6 верасня 1961 года была зроблена аперацыя. Пухліна была выдалена, а Джанна працягвала выношваць дзіця, вярнуўшыся да абавязкаў маці і ўрача.

Як заўсёды адданая працы і жыццярадасная, яна ішла далей па жыцці, але толькі муж П’етро заўважаў яе глыбокую трывогу за здароўе чацвёртага дзіцяці.

Калі П’етро адпраўляўся ў чарговую камандзіроўку ў Парыж, то яна папрасіла, каб прывёз ёй сукенкі, якія пазначыла галачкаю ў часопісе моды. «Калі Бог затрымае мяне на гэтым свеце, я б хацела быць вельмі прыгожай», — сказала яна тады.


На апошніх тыднях у чаканні дзіцяці яна так адказвала на словы родных, а гэта якраз быў перадвелікодны перыяд: «Я гатовая да таго, чаго хоча Бог».

21 красавіка 1962 года, у Вялікую суботу, у яе нарадзілася дачка.

Пасля нараджэння дзіцяці Джанна пачала адчуваць вялікі боль, з кожным днём было ўсё горш, але яна ў гэтых цярпеннях прымала святую Камунію. Урачы змагаліся за яе жыццё да апошняга.

Які самы прыгожы дзень жыцця?

У суботу на світанку яе прывезлі дадому. Яна пачула галасы дзяцей, якія прачнуліся з-за шуму, і зразумела, што дома. Ужо ў 8.00 яе не стала.

Джанна скончыла свой зямны шлях, прайшоўшы яго да канца. І ў ім споўнілася ўсё, што яна калісьці казала маладым дзяўчатам з Каталіцкай Акцыі: «Калі нам калі-небудзь прыйдзецца загінуць у барацьбе за сваё пакліканне, то гэта будзе самы прыгожы дзень нашага жыцця».

16 мая 2004 года Ян Павел ІІ кананізаваў Джанну, а на кананізацыі прысутнічалі яе муж і дзеці.

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч паводле кнігі «Гімн Жыццю», М. Брэм

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.