Навіны «Маgnificat»: конкурс мультыплікацыйнага кіно з дзіцячым журы прайшоў у Глыбокім | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
02.09.2015 15:21
1 верасня ў чарговы раз у межах правядзення фестываля ў глыбоцкай раённай бібліятэцы быў праведзены конкурс мультыплікацыйнага кіно для дзяцей з дзіцячым журы.
 
На суд наймалодшых гледачоў былі прадстаўлены пяць анімацыйных фільмаў беларускай, расійскай і французскай вытворчасці.
 
Гледача Антона Касенку асабліва ўразіў мультыкацыйны фільм «Шапэн», прысвечаны жыццю і творчасці славутага кампазітара. «Усё ж такі чалавек можа быць шчаслівым толькі ў сваёй Радзіме», — кажа хлочык.

Паводле вынікаў галасавання найлепшым мультыплікацыйным фільмам быў прызнаны «Воўк і савяня» беларускага рэжысёра Святланы Катляровай. 
 
 
Пра што мультфільм?

Стары воўк быў вельмі злым, з ім ніхто не хацеў сябраваць. Маленькае савяня дало ваўку ўрок дабрыні: воўк хацеў яго з’есці, а савяня яму за гэта «падзякавала» — выцягнула ваўка з ямы, тым самым яго выратаваўшы. Ваўку стала сорамна за свае паводзіны, ён папрасіў прабачэння ў савяняці, і гэты эпізод змяніў ягонае жыццё.

«Гэты мультфільм яшчэ раз нагадаў нам пра важнасць дабрыні і чалавечнасці», — кажа школьніца Даша Мурзіч.
 
 
Першыя мультфільмы на фестывалі

Першы мультыплікацыйны фільм прыняў удзел у конкурсным праглядзе на фестывалі «Magnificat» у 2008 годзе. Гэта была стужка пад назвай «Свеціць Бэтлеемская зорка» Ірыны Жарнасек і Аляксандра Гарулёва.

Гэты мультфільм быў вёльмі цёпла ўспрыняты гледачамі, і з таго часу было вырашана ўключаць у праграму фестывалю і анімацыйныя фільмы, каб такім чынам — з дапамогай сродкаў анімацыі — імкнуцца даносіць каштоўнасці і да самых маленькіх гледачоў.
 
Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара
 
© 2003-2024 Catholic.by