Завяршылася сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
02.08.2015 10:10

У Браславе завяршылася Х сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі. «Паслухмянасць Богу» — такой была тэма сустрэчы.

Апошні, чацвёрты, дзень сустрэчы моладзі пачаўся малітвай. Святую Імшу канцэлебравалі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч і святары. Адметнай падзеяй сустрэчы стала тое, што падчас Імшы біскуп удзяліў сакрамэнт хросту дзяўчынцы Багдане-Марыі.

З нагоды тэмы сёлетняй сустрэчы моладзі віцебскі ардынарый адзначыў у гаміліі, што паслухмянасць – важнае слова і адначасова бяспечнасць чалавека, якое дае жывы прыклад канкрэтнага жыцця.

«У сённяшнім Евангеллі бачым чарговы прыклад непаслухмянасці Богу – сітуацыя тыповая. У чымсьці мы стаім перад выбарам, каму гэта падабаецца: чалавеку, у якім у сярэдзіне жыве Бог, ці Богу. Варта ўбачыць, да якога дна можа давесці грэх», – падкрэсліў іерарх. «Прыгожы танец дзяўчыны. Ірад хацеў быць лепшым за іншых. Але ў сваім эгаізме ты пачынаеш карыстацца тым, чым карыстаецца злы дух. Ён забіў прарока. Трагедыя апошняга прарока ў тым, што ён знішчыў сваімі ўласнымі рукамі свой асабісты аўтарытэт», - дадаў біскуп.

Іерарх звярнуў увагу моладзі на тое, што кожнаму патрэбна выхаванне: «Мы не павінны пераставаць быць дзецьмі Бога. Нам патрэбна пакора, каб слухаць Бога».

Падчас працэсіі дароў былі прынесены трон, як сімвал таго, што Бог – наш Цар і нашае «ўсё», белая альба – сімвал чысціні, батарэйкі — знак таго, што мы зараджаемся ад Бога энергіяй, мабільны тэлефон — сімвал сувязі, што нагадвае, што так і мы павінны штодзённа трымаць сувязь з Богам.

На заканчэнне моладзь скіравала словы ўдзячнасці арганізатарам і святарам, якія праводзілі катэхезы, падзякавала за гэтыя рэкалекцыі, плённыя казанні і за дапамогу ва ўзрастанні ў веры.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 

 

Фота catholicnews.by

 
© 2003-2024 Catholic.by