У Браславе развіталіся з кс. Тадэвушам Дабравольскім | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
01.07.2015 12:27

28 чэрвеня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Браславе адбылася святая Імша, якая стала выразам удзячнасці кс. Тадэвушу Дабравольскаму за яго душпастырскае служэнне ў Браславе.

У гаміліі кс. Тадэвуш Дабравольскі засяродзіў увагу на ролі веры ў жыцці чалавека, заўважыўшы, што мы павінны не проста быць у натоўпе, а знаходзіцца побач з Хрыстом, які вылечвае людскія душы, і што неабходна імкнуцца да таго, каб нашы сэрцы заўсёды былі падрыхтаванымі да сустрэчы з Ім.

На завяршэнне Эўхарыстыі са словамі падзякі за сумесную малітву, удзеленыя сакрамэнты і са шчырымі пажаданнямі Божага благаслаўлення, апекі Маці Божай Валадаркі азёраў да кс. Тадэвуша Дабравольскага звярнуліся пробашч парафіі кс. Станіслаў, удзельнікі малітоўнай групы “Маці ў малітве за дзяцей і ўнукаў”, парафіяльны хор.

Падводзячы вынік сваёй працы ў браслаўскай парафіі і ўвогуле за межамі Польшчы, кс. Тадэвуш падкрэсліў важнасць і радасць сумеснай малітвы, а таксама зазначыў, што заўсёды будзе памятаць пра вернікаў беларускай зямлі, паведамляе waladarka.by.

Рэдакцыя catholic.by таксама вельмі ўдзячная кс. Тадэвушу за плённае супрацоўніцтва з намі. Святар заўсёды быў адкрыты на розныя прапановы з нашага боку і вельмі ахвотна прымаў удзел у праектах, якія мы яму прапанавалі. Ксёндз Тадэвуш, мы вельмі ўдзячныя табе за тое, што разам з намі ты нёс Евангелле да многіх людзей, якія карыстаюцца інтэрнэтам. Няхай добры Бог адудзячыць табе за час, які ты прысвячаў нашым чытачам, а на новым месцы, ужо за межамі нашай краіны, няхай сцеражэ цябе і благаславіць на кожны дзень твайго святарскага служэння.

(AG), (JM)

 

 

Фота waladarka.by

 
© 2003-2024 Catholic.by