У парафіі ў Бярозаўцы адзначылі свята ўраджаю | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
02.09.2014 11:26

30 жніўня 2014 г. у парафіі Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай) у Бярозаўцы (Віцебская дыяцэзія) адбылося свята ўраджаю. Урачыстую Імшу ў невялікай святыні, перабудаванай з былой калгаснай канторы, узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На пачатку айцец Марэк Пасют сказаў, што “чалавек павінен быць удзячны Богу, які нам дае жыццё і тое, што патрэбна для жыцця”.

Біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што Бог, акрамя ўсяго, ёсць яшчэ і прыгажосць. У гаміліі віцебскі ардынарый звярнуў увагу на асновы хрысціянскай веры, падкрэсліў, што чалавек не з’яўляецца жывёлай, як некалі хацелі навучыць, але што ў першую чаргу гэта істота, якая мае душу; што чалавек створаны Богам па Яго падабенству, таму Бог лічыць усіх людзей сваімі дзецьмі, а д’ябал спакушае чалавека, каб гэтым нашкодзіць Богу.

Таксама іерарх закрануў тэму сямейных адносінаў, адзначыўшы, што шмат хто жэніцца або выходзіць замуж у надзеі, што абраны чалавек зробіць яго шчаслівым, але шчаслівым чалавека можа зрабіць толькі Бог, і калі абое сужэнцаў будуць шукаць Бога, іх саюз будзе трывалым.

Біскуп выказаўся і пра акультызм, веру людзей у шаптух, варажбітоў, экстрасэнсаў, падкрэсліўшы, што трэба шукаць дапамогі ў Бога.

Напрыканцы Імшы біскуп асвяціў плады новага ўраджаю і заклікаў мясцовае кіраўніцтва, якое прысутнічала на літургіі, заўсёды запрашаць святароў, каталіцкіх або праваслаўных, на благаслаўленне перад пачаткам сяўбы або жніва. Кіраўнік мясцовай гаспадаркі ў адказ сказаў, што яны сапраўды гэта робяць і ў гэтым годзе атрымалі адзін з лепшых ураджаяў у раёне.

Свята працягнулася канцэртам і пачастункам.

Паводле catholicnews.by

(AG)

 

Фота catholicnews.by

 

 
© 2003-2024 Catholic.by