Біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызму ў Віцебску | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
17.04.2014 23:00

17 красавіка, у Вялікі чацвер, у віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызму, якую разам з ім канцэлебравалі Генеральны вікарый дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і святары Віцебскай дыяцэзіі. Гэта была першая Імша Хрызма, якую цэлебраваў біскуп Буткевіч як ардынарый Віцебскай дыяцэзіі.

На пачатку іерарх прывітаў братоў у святарстве і кансэкраваных асобаў у “гэты дзень, калі распачынаем адзначэнне вялікай таямніцы збаўлення – Трыдуум”, на пачатку гэтай урачыстасці прыгадваючы аб “тым вялікім дары”, які быў пакінуты ў святарстве. ““Alter Christus” – той, каго Езус абірае, каб праз рукі, сэрца святара далей праводзіць справу збаўлення ў гэтым свеце. І вельмі вымоўны знак, што перажываем гэтую Імшу якраз у Вялікі чацвер; гэта святая Імша, калі будуць асвячаны алеі, якімі будзем карыстацца, атрымліваючы Божую ласку”, - адзначыў біскуп, дадаўшы, што гэтую Эўхарыстыю складае перадусім за святароў і сясцёр законных, “просячы Бога аб благаслаўленні, каб у гэты час, велікодны час, умацаваў вас у пакліканні, у служэнні Касцёлу і Богу”.   
У гаміліі біскуп засяродзіўся на сутнасці сакрамэнту пасвячэння, адзначыўшы, у прыватнасці, што тыя, хто сядзяць у гэты дзень блізка да алтара – святары – у свой час адказалі на заклік Хрыста: “Пайдзі за Мной”. “Так, гэта быў праўдзівы адказ, шляхетнае рашэнне. У гэты дзень мы павінны аднавіць у сабе свядомасць таго, што я калісьці праўдзіва адказаў Богу і прыняў гэтае рашэнне”, - заўважыў віцебскі ардынарый, дадаўшы таксама, што святары ў свой час згадзіліся ўзяць на сябе крыж. “Вядома – крыж. Вядома – выпрабаванне. Часта нялёгкі лёс”, - адзначыў біскуп, кажучы аб жыцці святароў, але пры гэтым падкрэсліў важнасць таго, каб святары “ўсвядомілі, якую вялікую ласку яны маюць – годнасць дачынення да вялікіх дароў”.

Напрыканцы гаміліі іерарх заклікаў прысутных да малітвы за святароў.

У Імшы Хрызме праяўляецца паўната святарства біскупа, а таксама еднасць святароў з асобай біскупа, таму падчас гэтай Імшы ўсё святары Віцебскай дыяцэзіі публічна аднавілі свае абяцанні, складзеныя падчас прэзбітэрскіх пасвячэнняў.

Падчас Імшы біскуп Алег Буткевіч асвяціў алей хворых і алей хрызма – знак “шчодрай Божай ласкі, якую атрымліваем падчас сакрамэнтаў – тады, калі патрабуем гэтай Божай ласкі”.

Кацярына Лаўрыненка

 

 
© 2003-2024 Catholic.by