Імша Хрызма ў пінскім катэдральным касцёле: «Жыць тым, што абвяшчаем» | Друк |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
17.04.2014 15:08

17 красавіка, у Вялікі чацвер, адбылася Імша Хрызма ў пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Імшу з удзелам духавенства Пінскай дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка.

Падчас Імшы адбылося асвячэнне алеяў, аднаўленне святарскіх абяцанняў, а таксама малітва святароў за свайго біскупа.

“Езус Хрыстус, будучы Богам, прынізіў самога сябе і стаўся чалавекам, - нагадаў прысутным пінскі ардынарый. – Хрыстус, Бог і Чалавек, каб навярнуць нас да Бога, устанавіў Касцёл, у якім мы дасягаем збаўлення”.

Вялікі чацвер, як адзначыў біскуп, нагадвае аб тым, што “ў Касцёле дзейнічае Хрыстус у сваіх сакрамэнтах”. Кажучы пра асвячэнне падчас гэтай Імшы алеяў, ужываных падчас сакрамэнтаў, іерарх звярнуў увагу, што сакрамэнт – “бачны знак нябачнай ласкі”, і святарства “асаблівым чынам рэалізуецца ў цэлебрацыі сакрамэнтаў”.

Па словах біскупа, Вялікі пост для святароў з’яўляецца “часам служэння, перадусім у канфесіянале, гэта абмыццё вернікаў з грахоў, каб такім чынам падрыхтаваць іх да радаснага святкавання Уваскрасення Пана”. Іерарх звярнуў увагу, што святар павінен заўсёды “мець час для скрушаных вернікаў, памятаючы, што Хрыстус прыйшоў заклікаць да навяртання грэшнікаў” і “радуецца кожнай авечцы, якая губілася, а цяпер знойдзена”.

Іерарх, звяртаючыся да духавенства, адзначыў, што “час, у які мы жывём, нагадвае нам пра вялікія задачы, якія ставіць Хрыстус на шляху нашага паклікання”. “Папа Францішак – гэта знак для нас, як у сённяшнім свеце абвяшчаць Евангелле, ён нагадвае нам пра бедных, да якіх мы павінны дайсці і быць з імі, - адзначыў біскуп. – Пра бедных, якім не хапае сродкаў для жыцця, выціснутых на ўскраіну грамадства, - як і тых убогіх у Добрай Навіне”.

Па словах біскупа, “свята Уваскрасення Пана нагадвае святарам і кансэкраваным асобам, што, асвячаючы іншых”, яны павінны “асвячацца і самі”. “Хрыстус нас чакае, Ён хоча нас збавіць, - дадаў іерарх. – Абвяшчаць Евангелле – гэта адно, а жыць Евангеллем – іншае”.

“Мы павінны жыць тым, што абвяшчаем, - падкрэсліў пінскі ардынарый. – Знак нашай веры і падрыхтаванасці да святаў – гэта малітва, пост і міласціна. Гэта мы чулі на пачатку Вялікага посту – а што можам адказаць Хрысту пры яго заканчэнні?”

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by