Першая Кантакты Мапа
Ксёндз Эдуард Мігай: нам трэба вучыцца радавацца
15.02.2010 17:34

З 12 па 14 лютага 2010 г. у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску па ініцыятыве кс. Эдуарда Мігая была арганізавана майстэрня добрай забавы. Гэтае даволі незвычайнае мерапрыемства правяла Кацярына Аўчарэк з Польшчы, удзельніца руху «Святло-Жыццё», якая была запрошана кс. Мігаем дзеля таго, каб пазнаёміць тых, хто працуе пры парафіях з моладдзю і дзецьмі, з формамі правядзення вясёлых сустрэч.

У майстэрні прынялі ўдзел вернікі з Брэста, Баранавіч, Пінска, Жлобіна, Гарадзеі, Бярозы, а таксама навучэнцы семінарыі. Гэта было сапраўднае трохдзённае свята-казка. Напэўна, упершыню сцены семінарыі чулі і бачылі столькі спеваў, танцаў, смеху. Цікава, што навучанне зусім не абмяжоўвалася  канспектам — уся навука была зведзена да гульняў. Каля дваццаці гульняў і столькі ж танцаў было паказана госцяй з Польшчы, адрэпетыравана ўдзельнікамі і потым здадзены па іх «залік». Кожны, хто прыняў удзел у майстэрні, цяпер можа пахваліцца нават тым, што ўмее танцаваць венскі вальс.

Сама Кацярына Аўчарэк пра сябе гаворыць так: «Аднойчы Пан Бог аздаравіў маё цела і сэрца. З таго дня я пажадала любіць Яго ўсёй сваёй сутнасцю.  Трапіла на курсы і пачала вучыцца танцаваць, а пазней і сама пачала прыдумваць розныя танцы і гульні. Асноўныя правілы гульні — мяркуе спадарыня Кацярына, — гэта „гуляем і весялімся разам, а не за кошт кагосьці аднаго“, „не праводзім гульні, дзе смяюцца з аднаго чалавека“. Бяда нашых людзей ў тым, што многім здаецца, быццам вяселле без алкаголю — гэта не вяселле. Я ж паказваю, што гэта не так. Для мяне вялікім аўтарытэтам з’яўляецца святар Юзаф Булька, якога я ведала асабіста. Ён казаў: „Калі забіраеш у людзей алкаголь, то неабходна штосьці даць ім узамен“».

Рух «Святло-Жыццё», да якога належыць спадарыня Кацярына Аўчарэк, даволі вядомы ў каталіцкім свеце. Ён мае свой цэнтр у мястэчку Красценка (Польшча). Заснавальнікам яго з’яўляецца Слуга Божы кс. Францішак Бляхніцкі (1921–1987 гг.). Адна з ідэй руху — крыжовы паход за вызваленне чалавека з няволі розных залежнасцяў. На жаль, гэтых залежнасцяў шмат у сучасным свеце: алкаголь, камп’ютэр, інтэрнэт, парнаграфія. Хто, як не Бог, дапаможа выпутацца з іх? Ксёндз Францішак Бляхніцкі не раз параўноваў чалавека з жабай, якая сядзіць у сваім балоце і толькі ненадоўга вылазіць наверх, каб падыхаць свежым паветрам. А потым — назад у балота. Таксама і чалавек: на вялікае свята ўспомніць пра Бога, сходзіць у касцёл і зноў вяртаецца ў сваё «балота».

«Нам трэба вучыцца радавацца. Радавацца не напаказ, а шчыра, па-сапраўднаму. Толькі ў гэтым выпадку мы зможам заразіць радасцю іншых людзей. Бог моцна любіць кожнага з нас, не бойцеся гэтай любові, дазвольце Яму сябе любіць», — адзначыў кс. Эдуард Мігай у гаміліі падчас нядзельнай святой Імшы на заканчэнне майстэрні.

Ірына Богуш

Bookmark and Share
Фотарэпартаж
 

 Архіў >>>

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
Парафіяда «Тэатр – Святыня – Спорт» адбудзецца ў Івянцы

18–21 жніўня 2010 г. у Івянцы адбудзецца Парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пад назвай «Тэатр – Святыня – Спорт». Да ўдзелу запрашаецца моладзь 14–17 гадоў.

Падрабязней ...  
У Оршы сустрэнуцца байкеры з усяго свету

8 жніўня 2010 г. у парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы (Віцебскі дэканат) адбудзецца сустрэча байкераў з усяго свету. Акрамя гэтага, сваю праграму прадставіць гістарычны клуб «Мансельвант», удзельнікі мерапрыемства сустрэнуцца як з раннім класіцызмам, так і з сучасным рокам, выступяць са сваімі спевамі дзеці і моладзь.

Падрабязней ...  
Запрашаем у пілігрымку па маршруце Кракаў — Велеград — Прага — Вена — Браціслава

Каардынатар пілігрымак у Віцебскай дыяцэзіі пробашч парафіі Святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах кс. Вячаслаў Барок шчыра запрашае ўсіх жадаючых у чарговае падарожжа. Пілігрымка па маршруце Кракаў — Велеград — Прага — Вена — Браціслава адбудзецца з 9 па 16 жніўня 2010г.

Падрабязней ...